«Абас***я каровы» і выбачэнні перад гарадавым. Якім быў 2019-ы — апошні ціхі год за Лукашэнкам
17 снежня 2022 у 1671271200
«Зеркало»
У Мінск пасля трохгадовага перапынку прыязджае Уладзімір Пуцін. Гэта нагода ўспомніць пра тое, якой была нашая краіна падчас яго мінулага візіту. Бо 2019-ы ў Беларусі цалкам параўнальны з 1913-м у Расійскай імперыі: гэта апошні мірны год перад эрай вялікай турбулентнасці, вялікіх і адначасова страшных гістарычных падзей. Успамінаем і, магчыма, настальгуем. Ці ўсё ж не варта?
Інтэграцыя з Расіяй і лібералізацыя (так тады здавалася) МУС
Галоўнай палітычнай тэмай 2019 года сталі інтэграцыйныя працэсы з Расіяй. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаліся больш за дзясятак разоў. Былі ўзгодненыя 28 з 31 «дарожных карт» па паглыбленай інтэграцыі Мінска і Масквы. Але падпісанне карт так тады і не адбылося.
Усе гэтыя працэсы праходзілі пад знакам сакрэтнасці. Грамадства пра змест дакументаў не ведала, што давала падставы для спекуляцый на тэму беларускага суверэнітэту. Нездарма ў Мінску праходзілі нешматлікія, але рэгулярныя мітынгі супраць інтэграцыі, якія, дарэчы, не разганяла міліцыя. Магчыма, Лукашэнка выкарыстаў іх як інструмент ціску на Пуціна.
2019-ы ў крэсле міністра ўнутраных справаў сустрэў Ігар Шуневіч, які ўвайшоў у гісторыю ў прыватнасці дзякуючы помніку гарадавому - фігуру ўсталявалі насупраць будынка ведамства. Тады адбываліся гісторыі, што ўспрымаліся як абсурд. Напрыклад, мінская студэнтка прабыла два дні ў ізалятары - яе віна заключалася ў тым, што, «знаходзячыся ў грамадскім месцы, падбегла да скульптурнай групы "Мінскі гарадавы" і на вачах у грамадзян, што праходзілі міма, зрабіла намах нагой, чым ажыццявіла наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства». Да гэтага міліцыя затрымлівала падлетка, які са свавольства пляснуў скульптуру па «галаве». За гэта міліцыя склала на яго пратакол па артыкуле «Дробнае хуліганства» і прымусіла прасіць прабачэння на камеру.
У выніку Шуневіча звольнілі, а МУС перажыло кароткачасовы і пакуль апошні па часе адносна ліберальны перыяд. Новы міністр Юрый Караеў назваў справядлівым пакрыццё шкоды мінчуку, да якога памылкова ўварваўся АМАП, а таксама выступіў за рэфармаванне «палачна-галачнай» сістэмы. Акцыі пратэсту праходзілі без брутальных затрыманняў, хоць, як і раней, з судамі, штрафамі і «суткамі».
А старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала нават заявіў, што супрацоўнікі Следчага камітэта ціснулі на суддзяў па справе Андрэя Галавача (галоўнага інжынера МЗКЦ, абвінавачанага ў атрыманні хабару - ён правёў у СІЗА больш за 50 месяцаў). Гэта адбылося толькі пасля заявы Лукашэнкі пра «распушчанасць праваахоўных органаў».
Нарэшце, у 2019-м Лукашэнка даручыў падрыхтаваць варыянты паправак у Канстытуцыю краіны, каб абмежаваць паўнамоцтвы прэзідэнта і ўзмацніць іншыя галіны ўлады. Ён паабяцаў, што сілай новая Канстытуцыя прасоўвацца не будзе: «Я самы зацікаўлены ў гэтым чалавек, каб потым было добра, каб у мяне палкамі і камянямі не кідалі. Для любога прэзідэнта, які думае, калі ён вырашыў скончыць сваю палітычную кар'еру, гэта найважнейшае пытанне: якой будзе нашая Беларусь, каму яна дастанецца - нашым дзецям ці таму, каму яна не павінная дастацца».
А што ў нашыя дні? Інтэграцыя з Расіяй працягваецца - саюзныя праграмы ўжо падпісаныя. Юрый Караеў не асудзіў гвалт пасля прэзідэнцкіх выбараў, а кіраваў задушэннем пратэстаў. Ніводнага з сілавікоў у выніку не прыцягнулі да адказнасці. Што да Канстытуцыі, то яна фармальна прынятая, але на практыцы ў сувязі з гэтым мала што змянілася. Што да абсурду, які адбываўся ў часы Шуневіча са скульптурай гарадавога, то ён наогул стаў усеагульным.
Пахаванне Каліноўскага і справа пра кароваў
Цэнтральнай грамадскай падзеяй 2019 года стала ўрачыстая цырымонія развітання з паўстанцамі 1863−1864 гадоў, у тым ліку з народным героем Беларусі Кастусём Каліноўскім, якая прайшла ў Вільні. Рэшткі ўдзельнікаў паўстання знайшлі за два гады да гэтага ў безыменных магілах на гары Гедыміна. Але спачатку неабходна было дакладна высветліць, каму яны належаць (для гэтага праводзілася генетычная экспертыза). Затым цягам года ўзнікалі спрэчкі, дзе мусіць быць перапахаваны Каліноўскі.
Адным з варыянтаў быў перанос рэшткаў у Мінск. Але ў 2019-м урачыстая цырымонія ўсё ж прайшла ў Вільні. На ёй прысутнічаў і віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, які заявіў, што «асоба Каліноўскага назаўжды ўпісаная ў гісторыю Беларусі, як і падзеі паўстання XIX стагоддзя». На яго думку, запаветы паўстанцаў знайшлі свой працяг у «галоўным дэвізе нашай краіны "За моцную і квітнеючую Беларусь!"», а таксама ў той палітыцы, якую праводзіць наша краіна («стварэнні дзяржавы для народа»). Можна толькі здагадвацца, што здарылася б з рэшткамі ў нашыя дні, бо цяпер дзяржаўныя прапагандысты называюць Каліноўскага «польскім тэрарыстам».
Увесь цэнтр Вільні быў у бел-чырвона-белых колерах. Сталіца Літвы стала месцам, дзе беларусы змаглі выказаць сваю палітычную пазіцыю. У самой жа краіне назіралася ціша ды роўнядзь.
Чарговыя парламенцкія выбары ў 2019-м прайшлі без сюрпрызаў: ніводнага з прадстаўнікоў апазіцыі - у адрозненне ад папярэдняй кампаніі 2016-га - у Палату прадстаўнікоў не пусцілі. У Еўрапейскім саюзе іх назвалі «страчанай магчымасцю», адзначыўшы агульнае грэбаванне фундаментальнымі свабодамі сходаў, асацыяцый і выказванняў. То-бок ні пра якую дэмакратычную кампанію гаворкі не ішло. Зрэшты, гэта не дзіўна: Цэнтральную выбарчую камісію (як і ў наступным 2020-м) узначальвала Лідзія Ярмошына.
Адзін з механізмаў фальсіфікацый змаглі выкрыць на практыцы актывісты апазіцыі. Праз суд яны атрымалі інфармацыю, як былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі ў адным раёне Мінска. Шэсць сотняў «палітычна разнамасных» чальцоў камісіі пасля ўдакладнення месца працы аказаліся калегамі. А галоўныя на участках - іх непасрэднымі босамі з працы. Ды і ў цэлым з усіх 65 076 чалавек, каму даверылі лічыць галасы на выбарах, толькі 34 прадстаўлялі апазіцыйныя партыі.
Таму Лукашэнку не даводзілася змагацца са сваімі апанентамі ў сценах парламента. Затое ён мог засяродзіцца на любімай ім сельскай гаспадарцы. Вясной 2019 года, наведваючы ферму аграхолдынга «Купалаўскае» ў Шклоўскім раёне, ён застаўся незадаволены ўтрыманнем кароваў. Фразы «паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абас***я» і «ўсіх пад нож, усіх да аднаго» ператварыліся ў мемы.
Пасады ў выніку страцілі губернатар Магілёўскай вобласці, старшыня Шклоўскага райвыканкама, памочнік прэзідэнта па Магілёўскай вобласці, а таксама міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц і віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Старшыні КДК Леаніду Анфімаву Лукашэнка даручыў завесці крымінальныя справы. Зрэшты, ужо ў красавіку асноўныя адстаўнікі атрымаюць новыя прызначэнні. Заяц узначаліў Магілёўскую вобласць, Русы спачатку стаў памочнікам прэзідэнта - інспектарам па Магілёўскай вобласці, а ў канцы года - сенатарам. КДК выявіў па краіне больш за 1300 фактаў «занавожанасці» фермаў. Праўда, да прарыву ў сельскай гаспадарцы гэта так і не прывяло.
У 2022-м Вільня па-ранейшаму застаецца пляцоўкай, дзе беларусы могуць выказваць сваю пазіцыю. А вось пратэставаць супраць падліку галасоў і агучваць факты пра фармаванне выбарчых камісій наўрад ці атрымаецца. З моманту прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў краіне ліквідавалі больш за 1,1 тысячы недзяржаўных арганізацый, не менш за 699 знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Ды і любыя дзеянні супраць палітыкі ўладаў могуць прывесці на Акрэсціна.
Культура з Латушкам і Бабарыкам
У 2019-м ва ўсіх сферах культуры (тэатр, літаратура, музыка, кіно) назіраліся адны і тыя ж тэндэнцыі: перманентны крызіс і нешматлікія поспехі, якія дасягаліся не дзякуючы, а насуперак.
Але цяпер, з дыстанцыі ў тры гады, асобныя з'явы і падзеі падаюцца неверагоднымі. У сакавіку 2019 года дырэктарам Купалаўскага тэатра стаў Павел Латушка. Тады гэтае прызначэнне ўспрымалася як паніжэнне пасля працы паслом у Францыі. Але экс-дыпламат рашуча ўзяўся за справу. Мастацкі курс Купалаўскага, стабільны цягам папярэдніх дзесяці гадоў, застаўся ранейшым. Змены - прычым у лепшы бок - адбыліся ў маркетынгу. За Латушкам у тэатра з'явілася ўласнае выданне - часопіс «Купалаўскі», быў праведзены першы ў Беларусі «Тэатральны пікнік». За 2019 год уласныя даходы калектыву выраслі амаль на траціну, сярэдняя запаўняльнасць залы ў студзені 2020-га дасягала 98%.
Мастацкія поспехі ў тэатральнай сферы дасягаліся пры фінансавай дапамозе Белгазпрабанка, які ўзначальваў Віктар Бабарыка - менавіта пры падтрымцы гэтага інстытута прайшоў традыцыйны фестываль ТЭАРТ. Адны з самых яркіх айчынных пастановак паказваліся ў культурнай прасторы ОК16.
Грошы вылучаліся гэтым банкам і на іншыя сферы. Напрыклад, у Мінск вярнулася скульптура Восіпа Цадкіна. Працу ўраджэнца Беларусі «Носьбіт дароў» купілі ў Нью-Ёрку за 341 тысячу даляраў і ўсталявалі ў беларускай сталіцы.
Таксама Белгазпрамбанк часткова дапамагаў правядзенню кінафестывалю «Лістапад». На ім можна было паглядзець фільмы, якія за мінулы сезон паказваліся на самых статусных фестывалях свету (Венецыя, Каны, «Берлінале», Таронта), а таксама карціны былых сацыялістычных краін. Напрыклад, у 2019-м «золата» «Лістапада» атрымала карціна «Атлантыда», якая стала адным з пераможцаў на фестывалі ў Венецыі. Фільм расказваў пра будучую перамогу Украіны ў вайне з Расіяй і дэакупацыю Данбаса.
Пасля доўгага перапынку кінастудыя «Беларусьфільм» зрабіла стаўку на нацыянальную тэматыку. У 2019-м завяршыліся здымкі двух фільмаў: «Купала», прысвечанага асобе класіка беларускай літаратуры, а таксама «Авантуры Пранціша Вырвіча», пра падзеі беларускай гісторыі XVIII стагоддзя.
У літаратуры на першы план выйшлі перакладныя і дзіцячыя выданні. Напрыклад, выдавецтва «Янушкевіч» выпусціла на беларускай мове кнігу «Гары Потэр і філасофскі камень» Джоан Роўлінг, а таксама звярнулася да «Ведзьмара» Анджэя Сапкоўскага.
У сферы музыкі аншлагі дома (і ў Расіі) збіраў Макс Корж - у 2019-м яму скарыўся сталічны стадыён «Дынама». А яшчэ Беларусь удзельнічала ў «Еўрабачанні» - праўда, не вельмі ўдала. Спявачка Зена прабілася ў фінал, але заняла там толькі 24-е месца.
Практычна нічога з гэтага не захавалася. Павел Латушка - у эміграцыі, у трупе Купалаўскага працуе менш за 10 актораў са старога калектыву, да якіх далучыліся нядаўнія студэнты, часопіс не выходзіць. Віктар Бабарыка знаходзіцца ў калоніі пасля таго, як паспрабаваў паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, фестываль ТЭАРТ не праводзіцца, ОК16 выстаўлены на продаж. Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка, для якой купляліся работы ўраджэнцаў Беларусі, больш за год была недаступная для наведнікаў.
Фестываль «Лістапад» ператварыўся ў пляцоўку для паказу фільмаў постсавецкай прасторы. Фільмы «Купала» і «Авантуры Пранціша Вырвіча» так і не выпусцілі ў пракат. Выдавецтва «Янушкевіч» разграмілі сілавікі, выдаўцу давялося працаваць за мяжой. Беларусь з 2019 года ні разу не ўдзельнічала ў «Еўрабачанні».
«Беларусь будзе лепей інтэграваная ў еўрапейскае жыццё»
У 2019 годзе ў Мінску прайшлі II Еўрапейскія гульні. Перад гэтым гарадскія ўлады абнавілі лесвіцу на Нямізе, паставілі сучаснае табло на чыгуначным вакзале, але, галоўнае, зрабілі цырымонію адкрыцця, якой можна было ганарыцца. На ёй было паказанае тэатралізаванае шоу «Калі цвіце папараць» у пяці эпізодах. Музыку да яго напісаў сучасны беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў.
Першы эпізод расказваў пра легенды і паданні Беларусі. Салістамі гэтай часткі былі Іван Кірчук і Маргарыта Ляўчук. У наступным аўтары расказалі пра культурную і духоўную спадчыну краіны, успомніўшы пра Усяслава Чарадзея, Ефрасінню Полацкую, Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіротку, Францыска Скарыну, Вітаўта, Льва Сапегу, Сімяона Полацкага, Казіміра Семяновіча. Сярод салістаў гэтага эпізоду быў Ілля Сільчукоў.
Трэці эпізод быў прысвячэннем выбітным беларускім дзеячам XX стагоддзя. У чацвёртай частцы рэжысёры ўспомнілі пра традыцыю беларускіх ручнікоў, якія засцерагалі ад бедаў і хваробаў, а эпізод «Памяць» таксама расказаў пра ахвяраў Другой сусветнай вайны. Апошні, пяты, эпізод на прыкладзе Белавежскай пушчы падымаў пытанні экалогіі і абароны навакольнага асяроддзя.
Урачыстая цырымонія атрымалася сапраўды стылёвай і адпавядала чаканням.
«Пасля заканчэння Гульняў імідж Беларусі мусіць павысіцца, яна будзе лепш інтэграваная ў еўрапейскае жыццё», - заявіў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч. Цана такой інтэграцыі склала 540 мільёнаў рублёў - менавіта ў столькі беларусам абышліся гульні.
2019-ы стаў часам заканчэння эры БАТЭ. Барысаўскі футбольны клуб з 2006 года па 2018-ы нязменна заваёўваў чэмпіёнства краіны. У 2019-м яго планы парушыла брэсцкае «Дынама». Раней клуб не дасягаў такіх вышыняў, але прыход летам 2016-га ў кіраўніцтва бізнесоўца Аляксандра Зайцава, набліжанага да ўлады, змяніў усё. У Брэсце ўбачылі Дыега Марадону, не шкадавалі грошай на футбалістаў і навучыліся рэгулярна перамагаць БАТЭ.
У хакеі ж поспехаў дамаглася юніёрскай зборная, якая выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету. Ды і ў цэлым беларускія спартоўцы выступалі на ўсіх галоўных сусветных спаборніцтвах.
У нашыя дні Ілля Сільчукоў і Маргарыта Ляўчук знаходзяцца ў эміграцыі, Іван Кірчук распусціў свой гурт. Тэма Другой сусветнай вайны засланіла ўсе астатнія гістарычныя перыяды. Грошы ў Зайцава на футбол скончыліся, так што брэсцкае «Дынама» стала нават не серадняком, а аўтсайдарам (у гэтым сезоне клуб фінішаваў за крок ад зоны вылету). А хакеісты не могуць выступаць на чэмпіянатах - Міжнародная федэрацыя хакея прыпыніла сяброўства Беларусі ў арганізацыі і пазбавіла яе права на ўдзел ва ўсіх міжнародных турнірах. Гэта ж датычыць і большасці спартоўцаў у іншых відах спорту.
А яшчэ ў 2019-м споўнілася 25 гадоў з моманту прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. Але той год аказаўся апошнім, калі большасць (маўкліва) згаджалася з гэтым. Што адбылося з гэтым кансэнсусам, вы цудоўна ведаеце самі.