Экстрэмістам літасці не будзе. Генпракурор Швед расказаў, як будзе працаваць «камісія па вяртанні збеглых»
апублікавана: 24 студзеня 2023 в 22.28
абноўлена: 24 студзеня 2023 в 22.50
«Зеркало»
У Беларусі ствараюць міжведамасную камісію для працы з грамадзянамі, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Генеральны пракурор Андрэй Швед у эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1» расказаў падрабязнасці ініцыятывы.
Калі адпаведны орган будзе створаны, генпракурор не сказаў, але адзначыў, што хутка. Хто дакладна ўвойдзе ў камісію, таксама пакуль не вядома. Гэта будуць прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпуса, службовыя асобы дзяржаўных органаў. Андрэй Швед таксама пералічыў спіс дакументаў, якія трэба будзе падаць тым беларусам, якія пажадаюць вярнуцца на радзіму.
- Мы найбліжэйшым часам вырашым арганізацыйна-тэхнічныя пытанні, звязаныя з тым, што ў СМІ будуць пазначаны паштовыя, электронныя і іншыя адрасы, куды чалавек зможа ў электронным выглядзе або ў пісьмовым выглядзе накіраваць сваю заяву ў камісію. Да гэтай заявы, як мне ўяўляецца, трэба будзе прыкласці копію свайго пашпарта, пацвярджаючы грамадзянства Рэспублікі Беларусь. У заяве выкласці абставіны, звязаныя са знаходжаннем гэтай асобы за мяжой. Далей звесткі, якія ён мае з нагоды таго, што нібыта да яго могуць быць нейкія прэтэнзіі, і яго запэўніванні ў тым, што ён законапаслухмяны грамадзянін альбо ў далейшым будзе законапаслухмяным грамадзянінам, ніколі не парушыць беларускі закон, будзе паважаць нашую Канстытуцыю, нашае права і жыць па законах Рэспублікі Беларусь. Адпаведна, гэты зварот будзе разгледжаны ў самыя кароткія тэрміны камісіяй і будуць прынятыя рашэнні, - сказаў Швед.
У выніку чалавек атрымае ад камісіі пісьмовы адказ, дзе яму растлумачаць, ці ёсць на ім «крыміналкі», па якіх артыкулах і што рабіць далей.
- На сённяшні дзень як мінімум тры катэгорыі нашых грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, змогуць пры жаданні падаць зварот у камісію. Гэта, па-першае, тыя, хто шчыра памыляецца што да наяўнасці прэтэнзій з боку дзяржавы. Яны думаюць, што да іх ёсць нейкія прэтэнзіі, але насамрэч іх няма апрыёры. Адпаведна, мы растлумачым гэтую сітуацыю, - сказаў ён.
Да другой катэгорыі грамадзян адносяцца тыя, за кім ёсць нязначныя правіны. Напрыклад, звязаныя з адміністрацыйнай адказнасцю, злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, але пры гэтым «яны памыляюцца адносна наступстваў сваіх дзеянняў».
- Можа быць, там даўно скончыліся тэрміны даўнасці або мера пакарання не звязаная з абмежаваннем, тым больш з пазбаўленнем волі. Яны думаюць, што тут будуць больш жорсткія меры прымяняцца, - растлумачыў генпракурор.
Такія грамадзяне, паводле яго словаў, атрымаюць тлумачэнне і звесткі наконт таго, як ім у адпаведнасці з беларускімі законамі тут можна дзейнічаць і якія захады зрабіць.
Трэцяя катэгорыя грамадзян - гэта тыя, што здзейснілі менш цяжкія злачынствы, раскаяліся, «публічна пра гэта заявілі, выклалі свае матывы раскаяння, запэўніванні».
- Ёсць досыць вялікая колькасць механізмаў, - расказаў Андрэй Швед. - Такая асоба ў адпаведнасці з законам панясе адказнасць, але гэтая адказнасць дакладна не будзе звязаная з пазбаўленнем альбо абмежаваннем волі. І такія гарантыі гэтая асоба атрымае.
Інтэрв'юер спытаў у спікера, што чакае тых, хто выходзіў на пратэсты, быў у чатах, але не заклікаў «забіваць сілавікоў, рыхтаваць кактэйлі Молатава».
- Можа, нічога і не чакае. Трэба разабрацца. У нас прававая дзяржава, і індывідуальна ў кожным выпадку трэба глядзець. Можа быць, чалавек выходзіў, можа быць, нейкія дзеянні ажыццяўляў, можа быць, ставіў лайкі, яшчэ нешта, але ў нас няма звестак на гэты конт. Мы яму кажам: «У нас да вас няма прэтэнзій, калі ласка, прыязджайце». Вядома, у чалавека могуць узнікнуць сумневы: «Добра, я прыеду, а да мяне потым прэтэнзіі будуць». Але мы цяпер у праекце ўказа закладваем норму, звязаную з тым, што калі камісія прымае рашэнне ў дачыненні да дзеянняў, учыненых да прыняцця рашэння пра магчымасць уезду, то якія-кольвек дзеянні ў дачыненні да гэтай асобы магчымыя будуць толькі са згоды генеральнага пракурора - старшыні камісіі. У гэтым выпадку мы, вядома, будзем разбірацца, - сказаў Андрэй Швед.
Супрацоўнік «Беларусь 1» таксама спытаў у генпракурора пра лёс тых, хто ваяваў на баку Украіны ці «сапраўды экстрэміст». Андрэй Швед на гэта адказаў, што ім «літасці не будзе».
- Мы ні ў якім разе не павінныя прапусціць на тэрыторыю нашай краіны баевікоў і экстрэмістаў, якія могуць скарыстацца вось гэтым крокам гуманізму, - сказаў генпракурор.
Паводле Шведа, пракурорам пакуль не паступала ніводнага звароту ад беларусаў, якія хацелі б вярнуцца на радзіму.
- Гаварыць пра тое, што гэта (запыты на вяртанне ад беларусаў, якія выехалі. - Заўв. рэд.) масавая гісторыя, пакуль не даводзіцца, - адзначыў генпракурор.
У інтэрв'ю Андрэй Швед падкрэсліў, што прапанаваныя меры датычаць толькі тых беларусаў, якія здзейснілі менш цяжкія злачынствы альбо злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Ён адзначыў, што беларусы, якія праходзяць па «цяжкіх і асабліва цяжкіх» артыкулах, - гэта «зусім іншая гісторыя».
КК Беларусі. Артыкул 12. Катэгорыі злачынстваў
1. Злачынствы ў залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі падзяляюцца на злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, менш цяжкія, цяжкія і асабліва цяжкія.
2. Да злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, адносяцца наўмысныя злачынствы і злачынствы, здзейсненыя па неасцярожнасці, за якія законам прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не больш за два гады або іншае, мякчэйшае, пакаранне.
3. Да менш цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжанае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не больш за шэсць гадоў, а таксама злачынствы, здзейсненыя па неасцярожнасці, за якія законам прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін больш за два гады.
4. Да цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжанае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не больш за дванаццаць гадоў.
5. Да асабліва цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін больш за дванаццаць гадоў, пажыццёвага зняволення або смяротнага пакарання.
Нагадаем, пра стварэнне такой камісіі Аляксандр Лукашэнка заяўляў яшчэ ў студзені 2022 года падчас паслання беларускаму народу і парламенту.
«Перш чым вы, каму трэба, хто гэтага заслужыў па законе, адседзіце ў месцах не так аддаленых, мы створым грамадскую камісію. Ну, напрыклад, сустаршынямі могуць быць генеральны пракурор ну і наш вяшчальнік - Рыгор Азаронак. Два сустаршыні. І будзем арыентавацца на рашэнні гэтай камісіі. Туды ўвойдуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нашыя парламентарыі, дэпутаты і сенатары. І мы гатовыя вырашаць гэтую праблему», - заяўляў ён год таму.
Праз месяц ён яшчэ раз заявіў пра стварэнне камісіі ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву.
«Я ж сказаў: будзе створаная грамадская камісія. Спецыялісты і тыя, каго яны забіць хацелі, журналістаў. Гэта ж праўда. Вось яны прымуць рашэнне. Прымуць рашэнне сядзець - будуць сядзець», - сказаў ён Салаўёву ў лютым 2022 года.
Пры гэтым тыя, хто, паверыўшы беларускім уладам, вяртаецца на радзіму, падвяргаецца рэпрэсіям - іх затрымліваюць і саджаюць.