Лукашэнка расказаў, чаго баіцца ўсё сваё прэзідэнцкае жыццё. Прапагандысты, здаецца, робяць усё наадварот
22 лiстапада 2024 у 1732270980
Максім Іскрын / «Зеркало»
«Важдзізму» ў Беларусі быць не мусіць, а дыктатуры няма і быць не можа, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада на сустрэчы са студэнтамі ВНУ.
- «Важдзізму» быць не мусіць. Гэта тое, чаго я баюся ўсё сваё прэзідэнцкае жыццё, - заявіў палітык.
Ён таксама дадаў, што «ніякай дыктатуры» ў Беларусі «няма і быць не можа».
- Бо для таго, каб быць дыктатарам, у цябе павінныя быць рычагі дыктатуры. А якія ў мяне рычагі? Гэта амерыканцы прыдумалі: дыктатар, дыктатар! Як я магу дыктаваць Амерыцы? Сёння Трамп і Байдэн не могуць дыктаваць. У нас што, самая моцная эканоміка? Не, - сказаў Лукашэнка.
Адзначым, што заявы палітыка супярэчаць таму, што гадамі робяць яго прапагандысты. Падрабязна пра тое, як фармуецца культ асобы Лукашэнкі ў сучаснай Беларусі, мы пісалі тут. Што да дыктатуры, то тут прыкладаў яшчэ больш.
Так, напрыклад, на праўладным канцэрце да Дня адзінства 17 верасня выканалі «Баладу пра дыктатара», напісаную ў гонар Лукашэнкі. Акрамя таго, сярод «мерчу Першага» ёсць майка з цытатай палітыка: «Я ж дыктатар. Мне цяжка разумець дэмакратыю». Гэтую фразу Лукашэнка вымавіў у сваім штогадовым пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў 2022 годзе.
Нічога страшнага ў выкарыстанні слова «дыктатура» ў дачыненні да Беларусі не бачыў палітык і ў 2020 годзе падчас сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа.
- Дыктатура - гэта кепска, а калі за ноч вырашылі цяжкую праблему, дыктатура - добра, - заявіў Лукашэнка.
У 2019 годзе прэс-сакратарка палітыка Наталля Эйсмант у інтэрв'ю прапагандысцкаму тэлеканалу АНТ наогул заявіла, што «дыктатура - гэта ўжо наш брэнд».
Чытайце таксама