Опубликовано 24 лiстапада 2022 у 12.21
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-read.space/news/economics/26856.html    

«Яшчэ адзін факт, што злучае гісторыю народаў». Аб'яднананы пераходны кабінет прызнаў Галадамор генацыдам украінцаў

Аб’яднананы пераходны кабінет прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народа і асудзіў злачынствы камуністычнай улады ў дачыненні да нацыянальных рэспублік СССР у міжваенны перыяд. У рэзалюцыі таксама падкрэсліваецца, што масавы голад адбываўся і на тэрыторыі Беларусі.

Помнік ахвярам Галадамора ў Кіеве. Фота: Reuters

«Пастанаўляем прызнаць злачынную палітыку камуністычнай дзяржавы супраць народа Украіны, якая прывяла да штучнага голаду ў 1932-1933 гг., актам генацыду супраць украінскага народа і злачынствам супраць чалавечнасці. Мы выступаем таксама з асуджэннем гэтага і іншых злачынстваў камуністычнай улады супраць нацыянальных рэспублік Савецкага Саюза ў міжваенны перыяд», — гаворыцца ў дакуменце.

У Кабінеце нагадалі, што ахвярамі масавага голаду пачатку 30-х гг. сталі жыхары Украіны, Казахстана, Паволжа, Прычарназем’я, Заходняй Сібіры, Паўночнага Каўказа і іншых рэгіёнаў. У АПК падкрэслілі, што ў Беларусі былі забітыя, раскулачаныя і дэпартаваныя больш за 250 тысяч сялян, а вялікая частка беларусаў была змушаная да пераезду ў іншыя рэгіёны — у тым ліку ва Украіну і на Паўночны Каўказ, якія сталі эпіцэнтрамі голаду ў 1932-1933 гг.

«Прызнаючы падзеі Галадамору актам генацыду супраць украінскага народа, мы таксама аддаем даніну памяці тым шматлікім беларусам, якія сталі ахвярамі гэтага злачынства на тэрыторыі савецкай Украіны і Крыма», — напісана ў рэзалюцыі.

Сведчанні пра масавы голад на тэрыторыі самой Беларусі ў Кабінеце назвалі «яшчэ адным фактам, што злучае гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў і паказвае агульнасць злачыннай палітыкі бальшавіцкага рэжыму на тэрыторыі нацыянальных рэспублік».

Рэзалюцыя заклікае да раскрыцця ўсіх дзяржаўных архіваў у Беларусі і даследавання дакладнай колькасці загінуўшых у выніку дзеянняў савецкай улады, а таксама выказвае падтрымку і салідарнасць народу Украіны.

Нагадаем, лідэр беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская абвясціла 9 жніўня на канферэнцыі «Новая Беларусь» аб стварэнні «калектыўнага выканаўчага органа» — Аб'яднанага пераходнага кабінета. Яна стала яго кіраўніком, а таксама прызначыла сваіх прадстаўнікоў.

Па вызначэнні прадстаўніка па транзіце ўлады Паўла Латушкі, «кабінет павінен забяспечыць транзітны перыяд пераходу ўлады ў рукі народа і скасаванне таталітарнага рэжыму Лукашэнкі».

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO