Урад Літвы найбліжэйшым часам не плануе закрываць новыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Пра гэта расказала ў інтэрв'ю LRT прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманітэ.
Палітык падкрэсліла, што такія планы не выключаныя.
— Найбліжэйшым часам, вядома, не будзе ніякіх рашэнняў адносна закрыцця нейкіх дадатковых пунктаў пропуску, але ёсць цалкам лагічны план, у якім прапісанае скарачэнне колькасці пунктаў пропуску, праз якія можна перасекчы літоўска-беларускую мяжу, <…> да поўнага закрыцця, якое адбудзецца ўжо па ўзгадненні з іншымі краінамі,-сказала Інгрыда Шыманітэ.
Нагадаем, 28 жніўня кіраўніца МУС Літвы Агнэ Білатайтэ паведаміла, што яе ведамства прапануе закрыць яшчэ два пункты на мяжы з Беларуссю: «Лаварышкес» (з беларускага боку — «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»).
Яна адзначыла, што адпаведная прапанова МУС ужо сфармаваная, прыняцце рашэння па гэтым пытанні «мусіць быць найбліжэйшым часам».
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO