З вуліц Гродна прыбралі турыстычныя стэнды пра жыццё пісьменніцы, ураджэнкі Гродзеншчыны Элізы Ажэшкі, якія паставілі на грошы Еўрасаюза. На гэта звярнула ўвагу Hrodna.life, інфармацыю выданню пацвердзіў адзін з гродзенскіх краязнаўцаў.
Турыстычныя стэнды з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку ўсталявалі на вуліцах Гродна летам 2021 года, іх адкрыццё прымеркавалі да 180-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы. Распрацоўкай праекта займаўся Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Фінансы на гэта вылучаў Еўрасаюз.
Усяго ў Гродне ўсталявалі 10 стэндаў пра жыццё Элізы Ажэшкі, у тым ліку каля яе помніка, у Румлёўскім парку, дзе быў маёнтак яе сям'і, і на старых каталіцкіх могілках, дзе пісьменніца пахаваная. Інфармацыя на таблічках была размешчаная на трох мовах: беларускай, англійскай і польскай.
Аднак нядаўна шыльды прыбралі, паводле звестак выдання — не на рамонт. Назад яны могуць не вярнуцца.
Эліза Ажэшка — польскамоўная пісьменніца і грамадская дзяячка, была намінаваная на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Яна нарадзілася ў 1841 годзе пад Гроднам і пахавана на гарадскіх могілках. Падтрымлівала ўдзельнікаў паўстання 1863 года, займалася дабрачыннасцю, аднаўляла Гродна пасля вялікага пажару 1885 года і арганізавала ў горадзе публічную бібліятэку.
Страта прысвечаных Ажэшцы стэндаў — не першы такі выпадак у Гродне за апошні час.
Нагадаем, у ліпені 2023 года з будынка гарадскога чыгуначнага вакзала знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго ўсталявалі дошку, прысвечаную савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. У гарвыканкаме на запыт гродзенцаў адказалі, што не ведаюць, куды знікла шыльда.