Навальніца, якая прайшла па Беларусі, у сераду нанесла шкоду многім населеным пунктам — гаворка пра паваленыя дрэвы і прабітыя дахі, паведамілі ў МНС.
У сераду, 30 жніўня, над Беларуссю прайшоў навальнічны фронт з парывамі ветру да 23 м/с. Ад непагадзі пацярпелі 30 населеных пунктаў у 14 раёнах Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.

Пашкоджаны дахі 39 жылых дамоў, трох грамадскіх і 13 сельскагаспадарчых будынкаў, зафіксаваныя 197 выпадкаў падзення дрэваў. Работнікі МНС выязджалі на іх распілоўку і ўборку.
У Мінлясгасе расказалі, што шмат дрэваў паваліла ля мяжы з Літвой — леснікі дапамагалі расчышчаць дарогі на мяжы Смаргонскай памежнай групе. Акрамя таго, у вёсцы Супраненты Астравецкага раёна таксама давялося расчышчаць дарогі і вызваляць пацярпелыя электрадраты.
А ў Брэсцкім лясгасе разбіраюцца з наступствамі ўрагану, які прайшоў яшчэ ў ноч на сераду і пашкодзіў лясны фонд Мухавецкага, Брэсцкага, Дамачаўскага лясніцтваў на плошчы 10 га.
У «Белэнерга» паведамілі, што пасля навальніцы была абясточаная больш чым 1000 населеных пунктаў. У больш чым 900 з іх на раніцу 31 жніўня ўжо аднавілі электразабяспечанне. Рамонтныя работы працягваюцца, адначасова энергетыкі рыхтуюцца да «другой хвалі» непагадзі — спякоты, навальніцаў, моцнага дажджу і ветру, якія прагназуюцца на сёння.