Следчы камітэт расказаў пра ход расследавання рэзананснага забойства касіркі ў аддзяленні банка, якое адбылося ў 2009 годзе ў Мінску. Падазраванага затрымалі праз 14 гадоў — дзякуючы іншаму злачынству, паведамляе прэс-служба ведамства.
Злачынства адбылося 10 снежня 2009 года. Увечары інкасатары знайшлі ў пункце абмену валют цела маладой дзяўчыны са шматлікімі нажавымі раненнямі. Было скрадзена больш за 27 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў, каля 1400 даляраў, 11 тысяч расійскіх рублёў і 140 еўра.
Высветлілася, што напад планаваўся загадзя. Паводле запісаў камер відэаназірання, невядомы назіраў за пунктам з 7 снежня. У дзень рабавання ён дачакаўся, пакуль супрацоўніца банка пойдзе на абедзенны перапынак, і прабраўся ў тамбур пункта абмену валют, у якім схаваўся.
«Дзяўчына, якая нічога не падазравала, вярнулася і працягнула працаваць, пакуль злачынца чакаў прыдатнага моманту. Калі падчас перапынку яна вырашыла выйсці з памяшкання на двор, мужчына напаў на яе і некалькі разоў ударыў нажом у жыццёва важныя органы. Забраўшы ўсе грошы з касы, нападнік выбег, прыкрываючы твар рукамі», — расказалі ў СК.
Нож, якім забілі дзяўчыну, знайшлі на аўтамабільнай паркоўцы каля суседняга дома.
Тады злачынца знайсці так і не ўдалося.
Адпраўным пунктам да раскрыцця ў 2023 годзе стала справа пра хуліганства. У жніўні мінулага года дзякуючы 17-гадовай дзяўчыне супрацоўнікі міліцыі за здзяйсненне цынічнага ўчынку затрымалі 48-гадовага мужчыну.
Эксперты паведамілі пра магчымае супадзенне некалькіх яго генетычных характарыстык з выяўленым генатыпам на прадмеце з месца забойства ў 2009 годзе.
Падчас допыту падазраваны расказаў, што першапачаткова не збіраўся забіваць касірку. Ён убачыў, што ў пункце абмену валюты ёсць уваходнае памяшканне са стэлажамі, дзе лёгка можна схавацца.
«Фігурант успомніў, што днямі ў сталічным гіпермаркеце невядомы абрабаваў касу абменніка, папярэдне звязаўшы спецыяліста. Паколькі ўваходных ралет работнік банка не закрывала, мужчына вырашыў паўтарыць гэты ўчынак. План быў просты: вычакаць момант, калі супрацоўнік пойдзе на перапынак, стаіцца за стэлажамі, звязаць дзяўчыну і забраць грошы з касы. Але ўсё пайшло не так, як ён задумаў. Касірка адчайна супраціўлялася і клікала на дапамогу. Фігурант запанікаваў і, спалохаўшыся адказнасці, ударыў пацярпелую нажом у вобласць шыі і грудной клеткі. Скрадзеныя грошы падазраваны выдаткаваў на прадукты харчавання, адзенне, а астатнюю суму прайграў у казіно», — расказалі ў ведамстве.
Раней мужчына неаднаразова быў судзімы за махлярства, ён разведзены і працуе кантралёрам кантрольна-прапускнога пункта ў прыватнай кампаніі.
Нагадаем, пра затрыманне падазраванага ў рэзанансным забойстве стала вядома 9 студзеня гэтага года.