У Магілёўскім раёне праз непагадзь загінула пяцігадовая дзяўчынка, паведамілі ў Следчым камітэце.
Увечары 14 ліпеня дзяўчынка з мамай і цёткай ішлі на электрычку да чыгуначнага прыпыначнага пункта «Тэкстыльшчык». У дарозе іх заспела непагадзь. Моцныя парывы ветру прывялі да падзення дрэваў, пад адным з якіх апынуліся жанчыны і малая.
Ад удару паваленай бярозы маці дзяўчынкі страціла прытомнасць, малую прыціснула ствалом. Другая жанчына абышлася нязначнымі ўдарамі і пачала даставаць пацярпелых з-пад дрэва, а потым выклікала хуткую. Нягледзячы на аператыўныя рэанімацыйныя дзеянні медыкаў, дзіця памерла ў машыне хуткай дапамогі.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група.
Высветлена, што мама і дачка днямі прыехалі да сваячкі, каб прайсці планавае абследаванне ў бальніцы і падрыхтаваць дзяўчынку да школы.
Нагадаем, у выходныя па цэнтры і паўднёвым усходзе Беларусі прайшоўся ўраган. Парывы ветру дасягалі 25−30 метраў за секунду. У выніку непагадзі без электразабяспечання засталіся 1960 населеных пунктаў. Больш за ўсё пацярпелі Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Жлобінскі, Быхаўскі, Магілёўскі і іншыя раёны.
Праз падзенне дрэваў у Рэчыцкім раёне загінула 13-гадовае дзіця, яшчэ шасцёра дзяцей атрымалі розныя траўмы. На Цнянскім вадасховішчы ў Мінску дрэва звалілася на адпачывальнікаў. Дваім спатрэбілася шпіталізацыя, 25-гадовая дзяўчына ад атрыманых траўмаў памерла. Таксама, паводле звестак відавочцаў, ахвярай урагану стаў малады мужчына, які адпачываў у кемпінгу недалёка ад Вілейкі.
Чытайце таксама