Беларуска Дар’я, якая жыве ў Варшаве, расказала, што на яе напаў і ўдарыў па твары раварыст проста ў цэнтры горада. Паводле яе, паліцыя адпусціла мужчыну, прыстрашыўшы толькі штрафам. Пра тое, што здарылася, дзяўчына расказала ў сябе ў Instagram, заўважыла «Маланка Медыя».
Дар’я расказала, што ўсё адбылося ў цэнтры польскай сталіцы. У той дзень яна гуляла з сяброўкай і сабакам і заўважыла, што іх спрабуе збіць раварыст. Мужчына спачатку запатрабаваў ад дзяўчат «прыбірацца», потым саскочыў з ровара і ўдарыў Дар’ю па твары. Паводле беларускі, у руцэ ён трымаў нож.
На дапамогу дзяўчатам прыйшлі наведнікі найбліжэйшай кавярні, якія павалілі нападніка на зямлю. Аднак паліцэйскія, якія прыехалі на месца здарэння, заявілі, што «нічога страшнага не адбылося», бо мужчына быў цвярозы і не пусціў нож у ход. Пасля гэтага нападніка адпусцілі і прыгразілі яму толькі штрафам за тое, што ён ехаў не па веласцежцы, кажа Дар’я.
Як кажа беларуска, у размове з паліцэйскімі мужчына заявіў, што яму 37 гадоў, ён з Украіны, працуе на будоўлі і не збіраецца плаціць штраф, бо ў яго няма грошай.
— Ён даў свой адрас паліцыі, але я думаю, што схлусіў, бо мы праверылі — там такога дома няма, — дадала Дар’я.
Дзяўчына раскрытыкавала дзеянні варшаўскай паліцыі і прызналася, што яна «ў жаху, у поўным шоку і страху»:
— Ён і далей ходзіць [па горадзе]. Жудасна, што, замест таго каб радавацца жыццю, мне цяпер даводзіцца хавацца ў кватэры, — кажа Дар’я.
Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі на беларусак нападаюць проста на вуліцы ў сталіцы Польшчы. Так, у канцы чэрвеня ў Варшаве на нашую суайчынніцу напалі трое палякаў. Паводле яе словаў, яны выдралі тэлефон з рук, адзін з іх ударыў яе і паспрабаваў душыць. Яе выратаваў адзін з аўтамабілістаў, хоць, паводле дзяўчыны, многія праязджалі міма і не рэагавалі.
Яшчэ адну дзяўчыну ноччу ў ліпені незнаёмы мужчына спрабаваў пацалаваць і задраць адзенне, але яна змагла адбіцца.
У лютым 25-гадовая беларуска Ліза была згвалтаваная ў цэнтры Варшавы, праз некалькі дзён яна памерла ў бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць. Абвінавачаны — 23-гадовы жыхар польскай сталіцы Дарыян С., якога затрымалі неўзабаве пасля таго, што здарылася.