Аляксандр Лукашэнка, абмеркаваўшы фінансаванне ваенных закупак, сабраў нараду з вузкім колам сілавікоў. Пра гэта паведаміў 27 лютага тэлеграм-канал «Пул первого».
У кабінет Лукашэнка запрасіў дзяржсакратара Савета бяспекі, міністраў унутраных справаў і абароны, старшыняў КДБ і Памежнага камітэта.
Якія пытанні абмяркоўваюцца на нарадзе, пакуль не паведамляецца. Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах чулі два выбухі. У BYPOL паведамілі, што быў пашкоджаны расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. У мясцовых чатах пісалі пра канцэнтрацыю вайскоўцаў «з аўтаматчыкамі», праверках машы, што праязджалі міма, абыходах супрацоўнікамі АМАП мясцовых жыхароў. У Мінабароны сітуацыю афіцыйна не каментавалі. На пытанні журналісткі «Люстэрка», якая патэлефанавала як занепакоеная мясцовая жыхарка, запэўнілі, што «гэта хлапкі і нічога страшнага не адбылося». У МНС сказалі, што інфармацыі пра выбухі не паступала.
Будзе дапоўнена.