Падчас наведвання Хатыні ў Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся яго планамі на 2025 год — тады ў Беларусі мусяць прайсці выбары прэзідэнта. Адказ вам падасца вельмі знаёмым.
Лукашэнка нагадаў, што ў лютым 2024 года пройдзе адзіны дзень галасавання, на якім будуць выбіраць дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы. Пазней у Беларусі мусяць выбраць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.
«Як звычайна, праз некаторы час пераходзім у прэзідэнцкую кампанію. Мы рыхтуемся з пункту гледжання забяспечання бяспекі для людзей. А астатняе — калі ласка, вы вырашайце. Як заўсёды, вырашаць будзе народ. Калі вы вырашыце, што патрэбнае вам іншае жыццё, — бог з вамі, паспрабуйце», — сказаў Лукашэнка.
Ён лічыць, што цяпер беларусы інакш глядзяць на многія рэчы, і заклікаў шанаваць «мір і спакой, якія забяспечаныя на беларускай зямлі».
«Я не хачу, каб было так, як сёння ва Украіне. У мяне дзеці, у многіх з вас дзеці. Хацелася б, каб дзеці жылі нармальна», — сказаў ён.