У Беларусі не ўдаецца аднавіць тэмпы будаўніцтва новага жылля, гэты паказчык па-ранейшаму ў прыкметным мінусе. За студзень — красавік арганізацыі ўсіх формаў уласнасці ўзвялі 10,5 тыс. новых кватэраў, паведамляе Белстат. Гэта на 25,5% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
У студзені — красавіку гэтага года арганізацыі ўсіх формаў уласнасці ўвялі ў эксплуатацыю 1 млн 69,8 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Год таму — амаль 1 млн 288,1 тыс.
Для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, за чатыры месяцы гэтага года ўвялі ў эксплуатацыю 457,1 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы (42,7% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля). Год таму — 543,1 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы (42,2% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля).
З дзяржпадтрымкай у студзені — красавіку пабудавалі 342,2 тыс. квадратных метраў (год таму — 404,4 тыс. квадратных метраў).
У будаўніцтве сітуацыя апошнім часам не найлепшая. Так, у першым квартале гэтага года галіна прадэманстравала падзенне на ўзроўні 1,5% да аналагічнага перыяду 2022-га. Па выніках студзеня — красавіка будаўніцтва, паводле звестак Белстата, выйшла на леташні паказчык.