У беларускія крамы вярнулася амаль уся салодкая санкцыёнка з Еўропы. Праўда, спачатку замест яе быў імпарт з Турцыі, Расіі, ААЭ, Бразіліі, а сёння прадукцыі з «недружалюбных» краін поўна на прылаўках. «Люстэрка» паглядзела, які асартымент санкцыйных слодычаў прапануецца і хто іх пастаўляе ў нашую краіну.
Чаму з крамаў знікаў імпарт
Беларусь з 1 студзеня 2022 года ў адказ на санкцыі Захаду ўвяла забарону на імпарт з «недружалюбных» краін. У іх лік увайшлі ў тым ліку краіны ЕС, ЗША, Канада, Нарвегія, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, Чарнагорыя.
Гэтую пастанову Саўміна падаўжалі некалькі разоў. Апошнім разам гэта адбылося мінулым летам — харчовае эмбарга падоўжылі да канца гэтага года, а таксама адкарэктавалі пералік тавараў, якіх яна датычыць. У спіс «недружалюбных» краін акрамя пералічаных таксама трапілі Аўстралія, Ліхтэнштэйн, Новая Зеландыя.
Як у крамах пачала з’яўляцца салодкая санкцыёнка
У Беларусі хоць і дзейнічае забарона на імпарт з «недружалюбных» краін, але ў гэтым абмежаванні ёсць шчыліна. Імпарцёры могуць атрымаць у МАРГ спецыяльную квоту на такія пастаўкі. Гэтае ведамства дае дазвол на ўвоз прадуктаў. Яно ж вырашае, хто і ў якіх колькасцях можа пастаўляць іх у нашую краіну.
Да таго ж у Беларусі ў пачатку гэтага года легалізавалі паралельны імпарт з «недружалюбных» краін, то-бок дазволілі ўвоз тавараў без згоды праваўладальніка.
На гэтым фоне ў студзені гэтага года ў беларускіх крамах пачалі прадаваць вядомы нямецкі шакалад Ritter Sport, выраблены ў Германіі, якая адносіцца да «недружалюбных». Увесну гэтага года на прылаўках заўважылі нямецкія цукеркі Merci і Toffifee. Улетку да іх дадаліся пліткі шакаладу Schogetten, бельгійскія труфелі і «ракавінкі», іх можна было знайсці нават са зніжкай. З Італіі вярнуліся выцягнутыя палачкі — саваярдзі, а таксама вафлі, з Партугаліі — печыва ў металічных бляшанках. А ў канцы кастрычніка зноў пачалі прадаваць папулярныя швейцарскія шакаладкі Toblerone.
Якія слодычы з «недружалюбных» краін можна цяпер купіць у Беларусі і адкуль яны ўзяліся
Санкцыйныя слодычы нядрэнна прадстаўленыя ў інтэрнэт-краме «Е-дастаўка». Тут прадаецца некалькі дзясяткаў найменняў кандытарскіх вырабаў, вырабленых у «недружалюбных» краінах. Усё гэтак жа застаецца на прылаўку шакалад Ritter Sport, цана плітак вар’юецца ад 6,33 да 8,1 рубля. Гэты прадукт прадстаўлены ў пяці відах. Адзін з іх пастаўляе фірма «Логистическая компания Восток». З траўня 2021 года, як меркавалася, гэтай кампаніяй кіраваў Дзмітрый Счасны. Паралельна ён быў намеснікам дырэктара па развіцці «БелГлобалГарант» — кампаніі, што належыць бізнесоўцу Сяргею Цяцерыну, якога звязвае цеснае сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам.
Яшчэ чатыры віды Ritter Sport, якія прапануе «Е-дастаўка», імпартуе кампанія «АЛИДИ-Вест» — гэта прадстаўніцтва аднайменнай расійскай кампаніі, у якой ёсць яшчэ філіялы ў Казахстане. Дзейнасць кампаніі — агульны аптовы гандаль нехарчовымі таварамі. У Беларусі гэтая фірма сярод іншага займаецца пастаўкамі «тавараў народнага спажывання».
Журналіст «Люстэрка» як спажывец звярнуўся ў кампанію «АЛИДИ-Вест», каб удакладніць, якім чынам фірма імпартуе ў Беларусь нямецкі Ritter Sport. Адказ нас здзівіў.
— Мы не пастаўляем Ritter Sport, гэта не нашыя шакаладкі. Можа, яны [у гандлёвай сетцы] памыліліся. Мы пастаўляем прадукцыю Nestle, напрыклад, шакаладныя батончыкі Mars, Bounty, — адказала супрацоўніца кампаніі.
Дарэчы, кампанія «Логистическая компания Восток» адзначаная і як імпарцёр нямецкіх шакаладных цукерак Maitre Truffout (каробка на 150 грамаў каштуе 11,77 рубля) і бельгійскіх шакаладных ракавінак Perle D’or (каробка на 195 грамаў каштуе 10,56 рубля).
На мінулым тыдні ў «Е-дастаўцы» таксама можна было купіць швейцарскі шакалад Toblerone за 8,50 рубля за 100-грамавую плітку. Рытэйлер назваў імпарцёра — кампанію «Армянские коньяки». Але нюанс у тым, што гэтая фірма, згодна з Адзіным дзяржрэгістрам дадзеных юрыдычных асоб і ІП, была рэарганізаваная ў лістападзе 2017 года.
Шакалад Schogetten ёсць чатырох найменняў, цэны плітак — 5,02, 5,82 і 6,33 рубля. Прадукт пастаўляюць два прадпрыемствы — полацкае ТАА «НВКФ „Веста“» і ТАА «Еўрагандаль» (гэта ўладальнік гандлёвай сеткі «Еўраопт» і інтэрнэт-крамы «Е-дастаўка»). У НВКФ «Веста» не змаглі расказаць пра паходжанне шакаладу, там паведамілі, што Schogetten яны «не возяць гадоў пяць».
Набор шакаладу Merci ёсць аднаго віду, каштуе каробка на 250 грамаў 19,14 рубля. Прадукт завезла ў Беларусь ТДА «НП-Сервис». Аднак высветлілася, што кампанія з гэтай маркай ужо не працуе.
З’явіліся цукеркі Pergale з Літвы, каробку вагой 190 грамаў прадаюць за 14,22 рубля. Пастаўляе тавар ТАА «ОрионСвит». Праўда, на сайце кампаніі не пазначана, што ёсць еўрапейскія слодычы. А супрацоўніца фірмы праінфармавала, што яны возяць цукеркі з Расіі і Казахстана.
Чытайце таксама