Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У найноўшай гісторыі Беларусі можна знайсці нямала прыкладаў таго, як людзі, што раней падтрымлівалі Лукашэнку ці працавалі ў яго камандзе, мянялі «бок барыкад» і ператвараліся ў крытыкаў гэтага палітыка. Віктар Ганчар, Аляксандр Фядута, Юрый Захаранка, Аляксандр Казулін, Андрэй Саннікаў, Павел Латушка — вось толькі некалькі самых вядомых прыкладаў. Значна менш адваротных сітуацый, калі былыя апаненты ўлады перайшлі на яе бок — часам перад гэтым прайшоўшы праз зняволенне. Нядаўна адзін з іх пасля доўгага перапынку зноў з’явіўся на дзяржканале, а таксама раптоўна пачаў весці стрымы, дзе адказвае на пытанні гледачоў і гуляе ў камп’ютарныя гульні. Другі ж наогул стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Расказваем пра лёсы тых, хто аднойчы змяніў сваю пазіцыю на супрацьлеглую — як пасля 2020-га, так і яшчэ раней.

Быў нацыяналістам, не хацеў у палітыку, але стаў дэпутатам

Праўладны эксперт Аляксандр Шпакоўскі нядаўна стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Да гэтага жыццёвы шлях 39-гадовага мінчука быў насычаны зусім рознымі сферамі дзейнасці. У 2006 годзе Шпакоўскі быў ахоўнікам дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча — тады ўвагу ягоных сяброў па арганізацыі прыцягнуў той факт, што, у адрозненне ад многіх сваіх паплечнікаў, ён пазбег затрымання падчас паслявыбарчых падзей на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, пісала «Наша Ніва».

Александр Шпаковский в качестве охранника кандидата в президенты Александра Милинкевича на митинге в Гродно 4 марта 2006 года. Фото: Reuters
Аляксандр Шпакоўскі (крайні справа) у якасці ахоўніка кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча на перадвыбарным мітынгу ў Гродне 4 сакавіка 2006 года. Фота: Reuters

Таксама ў сярэдзіне 2000-х ён называў сябе нацыяналістам і быў адным з актывістаў спачатку незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды. У маладосці Шпакоўскі, паводле ўласных словаў, досыць хутка «расчараваўся ў тых ідэях, якія вылучала ліберальная нацыянал-дэмакратычная апазіцыя», шукаў чагосьці радыкальнага — і так трапіў у БПС.

Пасля ўваходзіў у «Правы альянс». Гэтую арганізацыю Шпакоўскі з аднадумцамі «дэкларавалі як трэцюю сілу ў беларускай палітыцы, як структуру, якая зойме сваё асаблівае месца паміж уладай і ліберальнай апазіцыяй»" - пра гэта ён сам расказваў у 2012 годзе, калі быў яшчэ і каардынатарам грамадзянскай кампаніі па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў «Антымак». Як адзначала «Радыё Свабода», у 2010 годзе Шпакоўскага не закранула хваля ператрусаў у сябраў «Правага альянсу» пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Александр Шпаковский в компании единомышленников по «Правому альянсу». Фото: politring.com
Аляксандр Шпакоўскі ў кампаніі аднадумцаў па «Правым альянсе». Фота: politring.com

У Шпакоўскага дзве вышэйшыя адукацыі: гістарычная (БДПУ, 2007) і юрыдычная (БДУ, 2011), у 2010 годзе ён спрабаваў стаць дэпутатам Мінскага гарсавета. У 2007−2011 гадах працаваў ва ўстановах адукацыі і ў адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, з 2011 года займаўся палітычным кансалтынгам, гаварылася на сайце пляцоўкі «Мінскі дыялог». Там жа адзначалася, што Шпакоўскі быў удзельнікам навукова-экспертнай групы пры дзяржсакратарыяце Савета бяспекі Беларусі, удзельнікам навукова-экспертнага савета пры старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі і ўдзельнічаў у перамовах Каардынацыйнай рабочай групы Беларусь — ЕС.

Александр Шпаковский - кандидат в депутаты Минского городского совета депутатов 26-го созыва. Фото: minsk.gov.by
Аляксандр Шпакоўскі — кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога савета дэпутатаў 26-га склікання, 2010 год. Фота: minsk.gov.by

У 2012 годзе Шпакоўскі казаў, што разам з нейкімі «калегамі» стварыў і зарэгістраваў навукова-асветніцкую ўстанову «Актуальная канцэпцыя», каб заняцца «фундаментальнымі распрацоўкамі ў галіне кансерватыўнай інтэлектуальнай думкі, пераасэнсавання ідэй беларускага нацыяналізму, дастасавання іх да сучаснасці». Арганізацыя дзейнічае дагэтуль, як мінімум з таго ж 2012-га Шпакоўскі там працуе дырэктарам, і яго каментары публікуюць дзяржмедыя. У той час ён і пачаў пераходзіць на праўладныя пазіцыі.

У 2017-м з’явіўся зліў перапіскі, звязанай з фінансаваннем прарасійскіх арганізацый за мяжой. У ёй фігураваў і Шпакоўскі. Перапісваючыся з нейкім Аляксандрам Усоўскім, ён намякаў, што мае ў міліцыі вагу і шкадуе пра прызначэнне Мікалая Карпянкова ў ГУБАЗіК, заяўляючы, што калі б таго прызначылі ў Службу бяспекі прэзідэнта, то «яны б тады нарабілі справаў».

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Шпакоўскі датэрмінова аддаваў свой голас «за развіццё краіны, а не за няпэўнасць» і быў пад уражаннем ад паслання Лукашэнкі народу і Нацсходу. А пазней падтрымаў гвалт над пратэстоўцамі і расказваў, што «ніхто не ўспомніў пра тых 130 хлопцаў з міліцыі, якія параненыя», і што ён ведае «тэрмінавіка, якому зламалі пазваночнік» (ніякіх пацверджанняў ні той, ні той інфармацыі няма). Пасля гэтага Шпакоўскі працягваў праўладную лінію, быў частым госцем на дзяржканалах і атрымаў медаль «За працоўныя заслугі».

І ў выніку ў верасні 2023-га з дырэктара «Актуальнай канцэпцыі», якога прадстаўлялі «палітолагам» і «палітычным экспертам» (а сатырычны тэлеграм-канал «Советская Белоруссия» — палітычным і пасля дыпламатычным «самелье»), стаў дарадцам-пасланнікам амбасады Беларусі ў Расіі. А зусім нядаўна — яшчэ і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Хоць у 2021 годзе ён сам казаў, што ў палітыку не пойдзе, «пакуль над намі трымае парасон Аляксандр Лукашэнка».

Пропагандист Александр Шпаковский на программе "Скажинемолчи" на телеканале "Беларусь 1", октябрь 2021 года. Скриншот: YouTube / BelarusOneTV
Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі на праграме «Гавары праўду» на тэлеканале «Беларусь 1», кастрычнік 2021 года. Скрыншот: YouTube / BelarusOneTV

«Я не хачу быць ніякім дэпутатам. Я ж не змагу, вось я ведаю сябе, я не змагу ставіцца да сваіх абавязкаў фармальна. Я буду бегаць па гэтай акрузе і кожнай бабулі імкнуцца паправіць плот. Але калі заўтра вайна, калі заўтра ў паход, і я буду разумець, што без гэтага ніяк, — ну так. Але пакуль не», — адзначаў ён тады ў інтэрв'ю «Беларусь 1».

Захапляўся Пазняком, а цяпер фанацее ад Лукашэнкі

Больш даўнія карані ў апазіцыйнай палітыцы мае 55-гадовы Ігар Марзалюк — таксама дэпутат, але ён стаў ім яшчэ раней за Шпакоўскага. Нарадзіўся ён у Краснаполлі на Магілёўшчыне, у 1985-м паступіў на гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута — за дзесяць гадоў да гэтага яго скончыў Лукашэнка. Вярнуўшыся ў 1989-м з войска, ён канчаткова перайшоў на беларускую мову нават у паўсядзённым жыцці, а таксама з галавой занурыўся ў навуку.

Гісторык абараніў дысертацыю ў 1996-м, выкладаў у роднай ВНУ і актыўна займаўся палітыкай. Ён прызнаваўся, што пэўны час захапляўся лідарам партыі БНФ Зянонам Пазняком, але катэгарычнасць і радыкалізм гэтага палітыка нібыта адштурхнулі яго. Таму Марзалюк далучыўся да іншай арганізацыі — стаў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ). Важна, што яе першым старшынёй быў Міхась Ткачоў — чыёй кнігай «Замкі Беларусі» будучы ідэолаг зачытваўся ў дзяцінстве.

«Калі я ўпершыню пазнаёміўся з Марзалюком у пачатку 1990-х, то ён мяне вельмі ўразіў. Гэта быў сапраўдны фанатык гісторыі! Ён толькі і мог гаварыць пра розныя гістарычныя падзеі і постаці», — расказваў «Радыё Свабода» адзін з гісторыкаў.

Публикация Игоря Марзалюка о "Дне воли" (празднуется 25 марта). Фото: t.me/historyja
Публікацыя Ігара Марзалюка пра Дзень Волі (святкуецца 25 сакавіка), 2008 год. Фота: t.me/historyja

Паводле інфармацыі «Свабоды», Марзалюк нейкі час нават быў намеснікам кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БСДГ. На адным з мітынгаў ён выступаў з бел-чырвона-белым значкам, а ў сваіх публікацыях даводзіў важнасць святкавання Дня Волі і заяўляў, што без БНР не было б Рэспублікі Беларусь.

Але ў канцы 1990-х гісторык выйшаў з апазіцыйнай партыі і адышоў ад палітыкі.

«Ён нам патлумачыў, што сыходзіць ад палітычных імпатэнтаў», — успамінаў адзін з яго аднапартыйцаў. Іншы дадаваў наступныя словы Марзалюка: «Ён неяк сказаў мне, што расчараваўся ў ідэях сацыял-дэмакратыі. І цяпер бліжэйшы да цэнтрызму». У пачатку нулявых археолаг стварыў Магілёўскае краязнаўчае таварыства імені Еўдакіма Раманава — фінансава апошняе сярод іншых падтрымліваў Фонд Сораса.

У 2008-м адбылася лёсавызначальная сустрэча. На ўрачыстае адкрыццё магілёўскай ратушы прыехаў Аляксандр Лукашэнка. На месцы яго суправаджаў менавіта Марзалюк.

«Захаваліся здымкі, на якіх Лукашэнка і тагачасны кіраўнік Магілёўскай вобласці Барыс Батура літаральна разявіўшы рот слухаюць лекцыю ад магілёўскага гісторыка. Людзі, якія добра ведалі Марзалюка яшчэ з пачатку 1990-х, кажуць, што гэта быў вырашальны момант у ягонай біяграфіі. Пасля гэтай сустрэчы кар’ера выкладчыка імкліва пайшла ўгору», — пісала «Радыё Свабода».

Листовки в поддержку Игоря Марзалюка. 2016 год. Фото: TUT.BY
Улёткі ў падтрымку Ігара Марзалюка. 2016 год. Фота: TUT.BY

Марзалюк, мяркуючы з усяго, пасля той сустрэчы «трапіў у абойму»: праз чатыры гады, у 2012-м, яго ўключылі ў Савет Рэспублікі. У 2016-м зрабілі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе ён стаў старшынёй камісіі па адукацыі, культуры і навуцы (ён зноў атрымаў мандаты ў 2019 і 2024 гадах). Дарэчы, падчас самай першай выбарчай кампаніі з’явіўся біяграфічны рэп пра дэпутата, а ў 2019-м ужо сам ён запісаў песню «Мой путь — ваш выбор» са словамі «я поднимусь ровно столько раз, сколько раз упаду»

Паступова чым далей, тым больш гісторык ператвараўся ў дзяржаўнага дзеяча. Напрыклад, у 2017-м ён прапанаваў штрафаваць людзей, якія не ўдзельнічаюць у выбарах. У 2018-м выступіў супраць падрыхтаванага законапраекта пра хатні гвалт. Марзалюк заявіў, што ў Беларусі існуюць неабходныя прававыя інструменты для процідзеяння сямейнаму гвалту і прыняцце новага закона ў гэтай галіне можа нашкодзіць традыцыйнай сістэме адносін. У выніку на законапраект абрынуўся Лукашэнка, і той так і не быў прыняты.

У красавіку 2019-га Аляксандр Лукашэнка выступіў з чарговым пасланнем народу і парламенту. «З аскепка велізарнай імперыі мы стварылі новую дзяржаву, выбудоўваючы амаль з нуля эканамічную, сацыяльную сістэму, можна сказаць, выгадавалі яе, а разам з ёю — новае пакаленне першых дзяцей суверэннай Беларусі. Мы вучыліся быць незалежнымі, свабоднымі, самастойнымі — яны такімі нарадзіліся», — заявіў ён. У гэты момант камера паказала Марзалюка, які са слязамі на вачах апладзіраваў прамоўцу. Пасля гэтага эпізоду прапагандыст ператварыўся ў героя мемаў.

Игорь Марзалюк в эфире СТВ 20 февраля 2023 года. Скриншот видео
Ігар Марзалюк у эфіры СТБ 20 лютага 2023 года. Скрыншот відэа СТБ

Пры гэтым Марзалюк працягваў падтрымліваць уладу, выкарыстоўваючы ў тым ліку антырасійскую рыторыку — у 2020 годзе, агітуючы за Лукашэнку мясцовых жыхароў у горадзе Кіраўск на Магілёўшчыне, ён заяўляў: «Вы павінны зразумець, што ёсць два выбары на сёння: альбо наша дзяржава і наш нацыянальны лідар, альбо „Северо-Западный край“ — іншая сталіца, іншы сцяг, іншая сацыяльна-палітычная сістэма. Проста гэта трэба разумець».

Усё было не дарма — лаяльнасць Марзалюка ацанілі. У верасні 2020-га яго запрасілі на таемную інаўгурацыю Лукашэнкі — пра яе публічна не было вядома загадзя, яе не транслявалі ў жывым эфіры, на цырымоніі не прысутнічалі замежныя дэлегацыі, дыпламаты, прадстаўнікі царквы. У 2021-м гісторыка ўключылі ў склад камісіі, якая распрацоўвала новую Канстытуцыю, — гэта было прыкметай максімальнага даверу. Магчыма, менавіта такі статус даў у 2023-м Марзалюку смеласць выступіць у абарону беларускай мовы — нават супраць праўладных і прарасійскіх блогераў.

Тым не менш прапагандыст цяпер выступае з зусім іншых пазіцый, чым у пачатку кар’еры: так, гісторык, які насіў раней бел-чырвона-белы значок, у 2022 годзе заявіў, што нацыянальны герб «Пагоня» «быў наватворам, адмыслова створаным у той час і распрацаваным беларускімі мастакамі. Ён не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю ані разу. <…> Сёння [яго] актыўна выкарыстоўваюць беларускія неанацысты і экстрэмісты».

Камсамолец, які прыйшоў з каманды Бабарыкі

Іншы прыхільнік улады стаў заўзятым прыхільнікам Лукашэнкі пасля турмы — гаворка пра 47-гадовага Юрыя Васкрасенскага. Нарадзіўся ён у Мінску, хоць яго бацька — карэнны масквіч, які пераехаў у Беларусь у 1972-м. Яшчэ за часамі СССР Васкрасенскі ўступіў у камсамол, дзе неўзабаве стаў першым сакратаром мінскага ЦК. Пасля распаду Савецкага Саюза далучыўся да Партыі камуністаў Беларускай і ў 1996-м пасля яе расколу стаў праўладным камуністам — увайшоў ужо ў Камуністычную партыю Беларусі, якая падтрымлівае Лукашэнку.

«Гэты чалавек здрадзіць любому. У ПКБ ён убачыў, што хуткай і лёгкай перамогі не будзе, таму перабег на іншы бок. Гэта несумленны чалавек сам па сабе, ніякіх справаў з ім мець не трэба. Ён спрабаваў удзельнічаць у многіх палітычных і грамадскіх рухах, але калі там даведваліся, што гэта за чалавек, то ён хутка сыходзіў», — казаў пра яго намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет» (былой ПКБ) Валерый Ухналёў.

Вучыўся Васкрасенскі ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, на парламенцкіх выбарах 2000 года ў Беларусі ён быў удзельнікам каманды палітолага Аляксандра Фядуты (яны пазнаёміліся на лекцыі, якую той чытаў у тым самым інстытуце), збіраў подпісы ў яго падтрымку, але стаць дэпутатам кандыдату тады не ўдалося. А падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001-га Юрый на запрашэнне таго ж Фядуты далучыўся да каманды Леаніда Сініцына — былога кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі. Аднак кандыдатам і Сініцын тады не стаў — не хапіла сабраных подпісаў.

У 2010 годзе Васкрасенскі стаў дэпутатам Мінгарсавета (куды ў той самы час не прайшоў Шпакоўскі) і вёў блог у ЖЖ на гэтую тэму, таксама быў у складзе адной з мінскіх раённых выбарчых камісій на тагачасных прэзідэнцкіх выбарах. У тым жа годзе яго запрасілі на Усебеларускі народны сход напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў, а пазней і на інаўгурацыю Лукашэнкі. Потым Васкрасенскі практычна знік з палітычнага поля, сфакусаваўшыся, відаць, на ўласным бізнесе.

Председатель Минского городского Совета депутатов совета Василий Панасюк вручает почетную грамоту депутату Юрию Воскресенскому, 19 февраля 2014 года. Фото: mingorsovet.livejournal.com
Старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Васіль Панасюк (злева) уручае ганаровую грамату дэпутату Юрыю Васкрасенскаму, 19 лютага 2014 года. Фота: mingorsovet.livejournal.com

Але летам 2020-га Васкрасенскі зноў з’явіўся ў публічнай прасторы — ужо як апазіцыйны актывіст. Ён далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах і каардынаваў збор подпісаў у Першамайскім раёне Мінска. Праз некалькі дзён пасля выбараў Васкрасенскага затрымалі. Яшчэ праз пару дзён у эфіры беларускіх тэлеканалаў паказалі кадры яго допыту. Паводле Васкрасенскага, усвядоміўшы, што масавыя вулічныя мерапрыемствы ператвараюцца ў некіравальны хаос, ён сам напісаў у КДБ яўку з пакаяннем. У выніку ў кастрычніку 2020-га яго вызвалілі з-пад варты — пасля таго, як Лукашэнка сустрэўся ў СІЗА КДБ з групай палітвязняў, сярод якіх, акрамя Васкрасенскага, былі таксама Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі.

Пасля вызвалення Васкрасенскі (як ён сам сцвярджаў, на грошы ад «напрацовак, якія ўдалося зрабіць у папярэднія гады» і майнінгу крыптавалют) заняўся пытаннямі вызвалення палітвязняў, арганізаваў Круглы стол дэмакратычных сіл (КСДС) і стаў для Лукашэнкі «апазіцыяй», з якой той гатовы размаўляць. У выніку Юрый зноў пабываў на Усебеларускім народным сходзе і быў уключаны спачатку ў камісію па змене Канстытуцыі, а пазней — у тую, што разглядае звароты беларусаў, якія хочуць вярнуцца дадому з эміграцыі, — усё гэта нягледзячы на ранейшае абвінавачанне ў масавых беспарадках.

Юрий Воскресенский в программе "Ничего личного" на ОНТ 13 апреля 2023 года. Скриншот видео
Юрый Васкрасенскі ў праграме «Ничего личного» на АНТ, 13 красавіка 2023 года. Скрыншот відэа АНТ

Аднак па меры таго, як улады душылі пратэсты рэпрэсіямі, актыўнасць Васкрасенскага пачала падаць. Навіны на сайце КСДС апошні раз на гэты момант (сакавік 2024-га) абнаўляліся ў сакавіку 2023-га, апошняе паведамленне ў тэлеграм-канале было ў чэрвені таго ж года. Але часам Васкрасенскі з’яўляецца ў дзяржмедыя — так, у гэтым лютым ён заклікаў беларусаў у найбліжэйшы год «быць мабілізаванымі і вельмі пільнымі», а таксама лічыў, што «мы захаваем нашы суверэнітэт і незалежнасць у саюзе з брацкай Расіі і ўрэшце вырвем наш брацкі ўкраінскі народ, які пакутуе, з палону, з лап сатаністаў». Акрамя іншага, Васкрасенскі выдаў кнігу, дзе расказаў, «як зрынаў Аляксандра Лукашэнку».

«Трэба было ў моманце супакоіць хоць кагосьці, хто паверыць, што ўлада зараз будзе размаўляць з незадаволенымі. Натуральна, што ў выніку спрацавалі не гэтыя гульні, а простыя рэпрэсіі. І калі вулічную актыўнасць надзейна заціснулі, то і патрэба ў гэтых сімулякрах проста знікла», — такое меркаванне пра сціханні актыўнасці Васкрасенскага выказваў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Міграваў з айцішнікаў у прапагандысты транзітам праз круглы стол

Яшчэ адзін былы ўдзельнік апазіцыйнай перадвыбарчай каманды 2020 года — 32-гадовы айцішнік Ілля Бягун, які ў 2020 годзе працаваў у EPAM, а пасля на штаб Валерыя Цапкалы. Туды яго прывёў будучы ўдзельнік круглага стала Васкрасенскага — Андрэй Ланкін, пісала «Наша Ніва». Амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў Бягун з’ехаў у Літву.

Фото Ильи Бегуна в программе на телеканале ОНТ, 15 января 2021 года. Скриншот: ont.by
Фота Іллі Бегуна ў праграме на тэлеканале АНТ, 15 студзеня 2021 года. Скрыншот: ont.by

У Літве Бягун, са словаў кіраўніка фонду BYSOL Андрэя Стрыжака, атрымаў 1500−3000 еўра падтрымкі, а пасля супрацоўнічаў з фондамі, якія дапамагалі беларусам. Аднак неўзабаве айцішнік вярнуўся ў Беларусь — імаверна, звязана гэта было з тэлеграм-каналам «Штаб Оношко», які з’явіўся на мяжы 2020−2021 гадоў, кампрамат з якога на дэмсілы распаўсюджвала беларуская прапаганда. Па часе гэта супала з вяртаннем Бегуна з Літвы — як лічаць спецслужбы суседняй краіны, ён тэрмінова з’ехаў, «імаверна, выканаўшы заданне». Уцёкі былі зафіксаваныя, калі некаторыя размешчаныя ў Вільнюсе беларускія арганізацыі паведамілі пра крадзеж звестак з іх камп’ютараў. У студзені 2021-га Бягун ужо даваў інтэрв'ю АНТ, а ў красавіку трапіў у спіс непажаданых асобаў у Літве.

Пазней Бегуна «ўзялі ў абарот» дзяржмедыя: ён завёў свой тэлеграм-канал, увайшоў у КСДС Васкрасенскага, прыбіраў лісце і пачаў сольна выступаць на ТБ. У Twitter ён тады пісаў пра тое, што актывіст Антон Матолька «да сваёй пажылой мамы нават на пахаванне» не зможа прыехаць, а раней там жа называў украінцаў «хахламі». Была ва ўсёй гэтай гісторыі і рамантычная лінія: паводле Бегуна, у Літве ён зрабіў прапанову Кацярыне Канаплёвай — супрацоўніцы фонду «Краіна для жыцця», з якой разам жыў і, з ягоных жа словаў, стварыў згаданы тэлеграм-канал «Штаб Оношко».

Илья Бегун в байке "Круглого стола демократических сил" Юрия Воскресенского в эфире ОНТ, мая 2021 года. Скриншот: YouTube / ont_by
Ілля Бягун у байцы Круглага стала дэмакратычных сіл Юрыя Васкрасенскага ў эфіры АНТ, травень 2021 года. Скрыншот: YouTube / ont_by

У выніку Бягун стаў начальнікам аддзела спецпраектаў газеты «Мінская праўда». Там, напрыклад, ён сцвярджае, што ў расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны вінаваты сам Кіеў, які нібыта пачаў пагражаць Маскве размяшчэннем у сябе ядзернага арсеналу «з лёгкай рукі заходніх „партнёраў“». А акрамя гэтага, пісаў, што дзяржаве важна вярнуць грамадзян на радзіму, і рабіў мульцікі, якія набіралі пад 300 праглядаў.

Цяпер Бягун, мяркуючы з тэлеграм-канала, удзельнічае ва ўнутраных разборках прыхільнікаў Лукашэнкі, а таксама заняты праблемамі, звязанымі са сваім шасцігадовым сынам, які жыве з маці і айчымам. Ён сцвярджае, што дзіця скралі з Беларусі і што «няма ніякага Года якасці ў тэме аховы дзяцінства».

Былы апазіцыйны блогер, які «зрабіў усё, што абяцаў»

28-гадовы Раман Пратасевіч — мінчук з сям'і вайскоўца. «Гісторыя Рамана Пратасевіча пачалася 6 ліпеня 2011 года. Тады 16-гадовага хлопца затрымалі на „маўклівай“ акцыі ў Мінску. Як няпоўнагадовага яго адпусцілі, але бацькам і ў навучальную ўстанову паведамілі», — так пра яго 13 гадоў таму пісаў сайт «Беларускі партызан».

Задержание Романа Протасевича на "молчаливой акции" летом 2011 года. Фото: Еврорадио
Затрыманне Рамана Пратасевіча на «маўклівай» акцыі пратэсту летам 2011 года. Фота: Еўрарадыё

Тады Пратасевіч удзельнічаў у дзейнасці «Маладога Фронту» і лічыў, што «галоўнае — гэта нацыянальнае адраджэнне, гэта мова», а таксама спрабаваў узначаліць «невялікі прэс-аддзел» у арганізацыі.

У наступным, 2012-м, годзе ён зноў быў затрыманы ў ліку адміністратараў актуальных тады пратэсных паблікаў ва «ВКонтакте». Пасля паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, але неўзабаве быў адлічаны. У 2014 годзе наведваў раён баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны. «Раман сапраўды разам з „Азовам“ і іншымі вайсковымі часткамі змагаўся супраць акупацыі Украіны. Ён быў з намі ў Шырокіне, дзе атрымаў раненні. Але яго зброяй як журналіста быў не аўтамат, а слова», — расказваў лідар «Нацыянальнага корпуса» Андрэй Білецкі.

Пратасевіч паспеў папрацаваць у некалькіх незалежных выданнях, але нідзе надоўга не затрымліваўся. Апошнім з іх у Беларусі было «Еўрарадыё» — ён працаваў там з верасня 2018 года да лістапада 2019-га. Спецыялізаваўся на фотаздымцы — напрыклад, у 2019-м сфатаграфаваў Лукашэнку на закрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

А пазней здарылася «справа Чудзянцова» — 21 лістапада 2019 года брэсцкія мытнікі знялі журналіста Уладзіміра Чудзянцова з цягніка, які ехаў у Польшчу. Як паведамлялася, у сумцы ў яго было знойдзена 0,87 грама марыхуаны. Пасля наркотыкі знайшлі і дома ў мужчыны. Сам ён адмаўляў, што рэчывы належаць яму. Амаль праз год яго асудзілі на пяць з паловай гадоў калоніі. Пратасевіч быў звязаны з Чудзянцовым — як і заснавальнік папулярнага тэлеграм-канала NEXTA Сцяпан Пуціла. У выніку пасля затрымання калегі Раман з’ехаў у Польшчу, дзе папрасіў прытулку.

Роман Протасевич в Польше, январь 2020 года. Фото: Twitter / pr0tez
Раман Пратасевіч у Польшчы, студзень 2020 года. Фота: Twitter / pr0tez

Ужо ў Польшчы ён далучыўся да Пуцілы і стаў рэдактарам праекта NEXTA, дзе адказваў за тэлеграм-каналы і за працу рэдакцыі журналістаў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пратэстаў, якія рушылі ўслед, каналы NEXTA былі важнай і буйной пляцоўкай для пратэстоўцаў — колькасць чытачоў за некалькі дзён вырасла з 300 тысяч да 1,8 мільёна чалавек. Увосень улады прызналі рэсурс экстрэмісцкім, на яго супрацоўнікаў завялі крымінальныя справы. А ў канцы 2020-га Пратасевіч пераехаў з Польшчы ў Вільнюс, пакінуўшы рэдакцыю NEXTA.

Пералом у яго лёсе надышоў у наступным годзе — 16 траўня ў Афінах Пратасевіч фатаграфаваў Святлану Ціханоўскую, якая сустракалася з грэцкімі ўладамі. А 23 траўня самалёт кампаніі Ryanair з Пратасевічам і ягонай дзяўчынай, грамадзянкай Расіі Соф’яй Сапегай, вылецеў з Афінаў у Вільнюс. Борт быў вымушаны прызямліцца ў Мінску праз паведамленне пра мініраванне, якое нібыта мела месца. Яшчэ ў афінскім аэрапорце Пратасевіч заўважыў за сабой сачэнне — пазней крыніца ў грэцкім МУС паведаміла, што «сачылі супрацоўнікі спецслужбаў з расійскімі пашпартамі». Пазней дыспетчар Алег Галегаў, які ўдзельнічаў у пасадцы самалёта, з’ехаў у Польшчу і даў паказанні пра тое, што пілоты самалёта Ryanair атрымалі ілжывае паведамленне пра пагрозу выбуху ў рамках аперацыі, арганізаванай беларускім КДБ.

На наступны дзень пасля затрымання відэа з Пратасевічам паказалі на дзяржканалах. У роліку гаварылася, што ён «дае паказанні па арганізацыі масавых беспарадкаў у сталіцы». Сам блогер на відэа пацвярджаў гэта, а таксама расказваў, што знаходзіўся ў СІЗА № 1 Мінска, дзе да яго ставяцца «максімальна карэктна і па законе». Таксама ён казаў, што з ягоным станам здароўя ўсё добра (пасля затрымання распаўсюдзіліся чуткі пра тое, што ў Пратасевіча пачаліся праблемы з сэрцам). У сваю чаргу, бацькі хлопца дапускалі, што для запісу відэа на яго аказваўся фізічны ціск.

У чэрвені прапаганда пачала актыўна выкарыстоўваць Пратасевіча ў сваіх мэтах — з’явілася яго першае інтэрв'ю тэлеканалу АНТ. У ім ён выступіў з крытыкай сіл, якія супрацьстаяць Лукашэнку, і заявіў, што паважае палітыка. Потым адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам Рамана.

Роман Протасевич на пресс-конференции, Минск, 14 июня 2021 года. Скриншот: YouTube / belpresscenter
Раман Пратасевіч (першы злева) на прэс-канферэнцыі, Мінск, 14 чэрвеня 2021 года. Скрыншот: YouTube / belpresscenter

Для Беларусі вынікам інцыдэнту з Пратасевічам і Сапегай стала тое, што Еўрасаюз афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам выкарыстоўваць яго паветраную прастору. Таксама шэраг краін заклікаў свае нацыянальныя авіякампаніі змяніць маршруты палётаў так, каб не залятаць у паветраную прастору Беларусі. Пасадка самалёта прывяла да маштабных мер супраць фізічных і юрыдычных асоб, а потым і да першых у гісторыі сектаральных санкцый. Колькасць самалётаў у паветранай прасторы Беларусі зменшылася больш чым у 10 разоў, а паводле звестак BELPOL, «Белаэранавігацыя» пачала адчуваць фінансавыя цяжкасці.

Пазней Пратасевіча ўсё гэтак жа працягвалі паказваць на дзяржканалах з выкрывальнымі прамовамі пра апанентаў Лукашэнкі. Пратасевіч завёў новы акаўнт у Twitter, у якім камунікаваў з падпісантамі. А ў канцы жніўня 2021-га блогер стварыў і тэлеграм-канал пад назвай Sprava, у якім паабяцаў чытачам «эксклюзіўныя падрабязнасці» і «дакладныя інсайды», а таксама «меркаванне чалавека, які пабываў з усіх бакоў інфармацыйных барыкад». Ужо ў адным з першых пастоў ён заклікаў арыштаваных апазіцыянераў да чыстасардэчнага прызнання «сваёй віны».

Аднак неўзабаве пасля гэтага блогер знік з публічнай прасторы. Яго Twitter і тэлеграм-канал маўчалі з пачатку восені 2021-га. У студзені 2022-га Пратасевіч зноў з’явіўся ў інфармпрасторы. На сваёй старонцы ў Twitter ён паведаміў, што пачынае супрацоўніцтва з праўладным цэнтрам «Сістэмная праваабарона». Увесь гэты час ён, як і Пуціла, а таксама былы супрацоўнік NEXTA Ян Рудзік, праходзіў па адной крымінальнай справе. У прыватнасці, Пратасевіча абвінавачвалі па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Артыкулы абвінавачання Рамана Пратасевіча:

  1. распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК Беларусі);
  2. арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК Беларусі);
  3. арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі);
  4. публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК Беларусі);
  5. стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361−1 КК Беларусі);
  6. кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем, здзейсненае паўторна (ч. 2 арт. 361−1 КК Беларусі);
  7. паклёп і публічная абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368 КК Беларусі);
  8. змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК Беларусі);
  9. фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361−2 КК Беларусі);
  10. дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369−1 КК Беларусі);
  11. арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі (ч.1 арт. 290−5 КК Беларусі).

Праз месяц у СІЗА Пратасевіча разам з Сапегай сумесна перавялі пад хатні арышт, але ўжо ў кастрычніку 2021-га пару рассялілі. Пасля гэтага Раман здолеў уладкавацца на працу і ажаніцца, а пазней нават (паводле звестак адваката сям'і Сапегі) стаць бацькам.

Суд вынес прысуд 3 траўня 2023 года: Раману Пратасевічу — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў. Раман выступіў у судзе з апошнім словам і заявіў, што спачатку ў Варшаве, а потым у Літве яго «проста выкарыстоўвалі», а пасля «выкінулі». У канцы траўня таго года Лукашэнка памілаваў Пратасевіча, а ў пачатку чэрвеня стала вядома пра памілаванне і Сапегі — яна вярнулася ў Расію.

«Ён даў паказанні на Соф’ю Сапегу», — паведамляў адвакат Сапегі Антон Гашынскі. Гэта стала вядома з матэрыялаў, якія паступілі ў Прэсненскі суд Масквы. «І, скажам так, гэта было пэўным ударам і шокам для ўсіх», — дадаў адвакат.

З апублікаванага ў расійскім судзе прысуду, са словаў Гашынскага, можна зрабіць выснову, што Пратасевіч «даў на яе паказанні, фактычна здаў» і ягоныя словы «паўплывалі на яе лёс».

Пасля памілавання на дзяржканалах зноў выходзілі інтэрв'ю Пратасевіча, у краіну вярнулася яго маці і таксама размаўляла з дзяржмедыя. Ужо ў 2024-м было заўважана, што Пратасевіча выключылі са спісу «экстрэмістаў» — а раней ён знік і з пераліку «тэрарыстаў».

Пазней Раман зноў з’явіўся на ТБ — усё прыкладна з тымі ж засцярогамі ў адрас апазіцыі. Але акрамя гэтага зноў адзначыўся арыгінальнасцю — цяпер ён вядзе стрым на YouTube.

Роман Протасевич с картами Таро, 6 марта 2024 года. Скриншот: YouTube / roma_govorit
Раман Пратасевіч з картамі таро, 6 сакавіка 2024 года. Скрыншот: YouTube / roma_govorit

Там ён то адказвае на пытанні, то паказвае, як гуляе ў розныя гульні. Але акрамя гэтага Пратасевіч таксама расказваў, што займаецца гадальнымі картамі: «Чароўная выдатная калода. Цудоўныя вось такія чорныя карты, з якімі я перыядычна працую — дапамагаю жонцы ў тым ліку. Але я раптам зразумеў — вы ведаеце, мне неяк, напэўна, і няма чаго цяпер на іх глядзець. У плане таго, што няма, напэўна, нейкіх выразных пытанняў. І наогул — гэта вельмі дзіўнае адчуванне, калі ты ўжо досыць працяглы час захапляешся эзатэрыкай, вывучаеш розныя напрамкі. І чым даўжэй ты гэта вывучаеш — тым менш у цябе застаецца пытанняў, якія ты б хацеў задаць».

Што іх усіх аб’ядноўвае?

Адзін агульны факт біяграфіі ёсць ва ўсіх пералічаных персанажаў — яны былі героямі перадачы дырэктара тэлеканала АНТ Марата Маркава. Некаторыя — неаднаразова.

Два цяперашнія дэпутаты — Марзалюк і Шпакоўскі — як відаць, ішлі да сваіх палітычных пасадаў, выкарыстоўваючы даступныя ім інструменты. Першы — сацыялістаў і «падыход» да Лукашэнкі, другі — правыя рухі 2000-х гадоў і блізкасць з сілавікамі.

Васкрасенскага і Пратасевіча аб’ядноўвае зняволенне, якое прывяло спачатку да ўспышкі ўвагі СМІ, што ў абодвух выпадках ужо згасла. А Бягун — проста ілюстрацыя чалавека, які шукаў месца, дзе яму будзе лепш. І, мабыць, пакуль знайшоў.

«Новай хваляй» перабежчыкаў сталі Бягун, Васкрасенскі і Пратасевіч, якія змянілі пазіцыю пасля 2020 года. Аднак толькі апошні быў публічным і прыкметным праціўнікам палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Астатнія двое толькі ўваходзілі ў каманды «кандыдатаў у кандыдаты». А апазіцыянеры са стажам Шпакоўскі і Марзалюк у адкрытай крытыцы Лукашэнкі публічна заўважаныя не былі.

У 2024-м можа падацца, што ў прыхільнікаў дзейнай улады — свая Беларусь, а ў праціўнікаў — свая. «Люстэрка» паказвае, як жывуць абедзве гэтыя «краіны», якія людзі іх засяляюць і як яны туды трапілі. Мы хочам расказаць гісторыю абодвух «лагераў», каб вы маглі скласці ўсебаковую карціну таго, што адбываецца.

У нас да вас просьба 👀

Калі вы хочаце падтрымаць незалежную журналістыку пра Беларусь і для беларусаў — станьце патронам «Люстэрка». Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.