Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што выхад з АДКБ — гэта лагічны крок пасля замарозкі сяброўства ў гэтай арганізацыі. Але афіцыйны Ерэван можа змяніць сваё стаўленне да АДКБ, калі Аляксандр Лукашэнка выбачыцца перад Арменіяй ці калі Беларусь выйдзе з АДКБ, перадае «Амі-прэс».
Пашынян таксама заявіў, што ні ён, ні іншы чыноўнік не наведае Беларусь, пакуль прэзідэнцкую пасаду там займае Лукашэнка, — праз ягоныя заявы ў Азербайджане.
Ён зноў адзначыў, што адзін з кіраўнікоў АДКБ заявіў, нібыта браў удзел і падтрымліваў падрыхтоўку да 44-дзённай вайны ў Арцаху і жадаў перамогі Азербайджану.
«Пасля гэтага я мушу пайсці і з прэзідэнтам Беларусі ў фармаце АДКБ абмяркоўваць АДКБ? Хоць вымушаны буду гэта рабіць у фармаце ЕАЭС і ЕЭК. Хачу зафіксаваць, што я больш ніколі не наведаю Беларусь, пакуль прэзідэнт там Аляксандр Лукашэнка. І ні адзін армянскі чыноўнік афіцыйна не наведае Беларусь», — заявіў Пашынян.
Ён адзначыў, што адносна АДКБ пазіцыя афіцыйнага Ерэвана не зменіцца, пакуль Беларусь не выйдзе з АДКБ або не прынясе такія прабачэнні, якія будуць прымальныя для армянскага народа.
Словы, на якія спасылаецца Пашынян, былі сказаныя Аляксандрам Лукашэнкам 17 траўня на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым — з іх вынікала, што Лукашэнка быў у курсе планаў Аліева напасці на Карабах.
«Я яшчэ падумаў, успомніў нашую размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удвух. Тады мы зразумелі, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу», — цытавалі Лукашэнку азербайджанскія СМІ, у паведамленнях яго прэс-службы гэтых словаў няма.
Пасля гэтага прэм’ер-міністр Арменіі заявіў, што ведае як «мінімум дзве краіны АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас».
Нагадаем, у сакавіку Пашынян паведаміў, што Арменія фактычна замарозіла сваю дзейнасць у рамках АДКБ і гатовая выйсці адтуль, калі партнёры не дадуць адказ на пытанне пра зону адказнасці арганізацыі ў краіне.
Напярэдадні, 12 чэрвеня, Пашынян заявіў, што Арменія выйдзе з Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ), калі палічыць патрэбным, але назад не вернецца.