Літва амаль цалкам спыніла экспарт амерыканскіх аўтамабіляў у Беларусь. У порце Клайпеды сабралася шмат кантэйнераў з машынамі, некаторыя адпраўляюць назад, піша профільны тэлеграм-канал Infotrans Media.
«Сабралася вялікая колькасць аўтамабіляў, якія ўжо прыйшлі ў порт Клайпеды. Аднак аформіць экспартную дэкларацыю на іх немагчыма», — піша тэлеграм-канал.
Аўтары таксама адзначылі, што пакуль літоўскія кампаніі, якія ўдзельнічаюць у лагістычным ланцужку, не ведаюць, што рабіць. Частку кантэйнераў ужо адпраўляюць назад.
З чэргаў у пунктах пропуску зніклі аўтавозы.
Нагадаем, літоўская мытня зрабіла яшчэ больш жорсткімі ўмовы, пры якіх набыты на тэрыторыі ЕС аўтамабіль можна вывезці ў Беларусь: з 4 чэрвеня гэта можа зрабіць толькі ўладальнік набытай машыны. Усе астатнія мусяць паказаць абавязанні экспарцёра і атрымальніка тавару ў тым, што тавар не прызначаны для расійскага рынку, даведку пра канчатковага пакупніка і пра тое, дзе будзе выкарыстоўвацца аўтамабіль, а таксама цягам 40 дзён пасля перасячэння мяжы прадставіць копію мытнай дэкларацыі, якая пацвярджае, што аўтамабіль размытнілі не ў Расіі.