У сераду, 10 ліпеня, Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў, што Польшча не прымае грузавых транспартных сродкаў, якія ідуць з Беларусі праз пункт пропуску «Казловічы — Кукурыкі». Па тлумачэнні «Люстэрка» звярнулася ў польскае Міністэрства фінансаў, якому падпарадкоўваецца мытная служба гэтай краіны (яна ўваходзіць у склад Нацыянальнай падатковай адміністрацыі). Вось што нам адказалі.
— Гэта няпраўда, што на памежным пераходзе «Кукурыкі — Казловічы» было спыненае афармленне тавараў, — у адказе «Люстэрку» сказала прэс-сакратарка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Міністэрства фінансаў Польшчы Юстына Пасячынская. — Нацыянальная падатковая адміністрацыя выконвае свае задачы ў адпаведнасці з дзейнымі нацыянальнымі правіламі. А таксама правіламі ЕС што да спынення абыходу санкцый. З 1 ліпеня ўступіў у сілу рэгламент Рады Еўрапейскага саюза, які пашырыў пералік тавараў, што падпадаюць пад санкцыі. Адпаведна, Нацыянальная падатковая адміністрацыя абавязаная выконваць гэтыя правілы. Праверкі праводзяцца на пастаяннай аснове.
— Аднак мы заўважылі зніжэнне колькасці грузавых аўтамабіляў на пераходзе ў Кукурыках, — таксама падкрэсліла Пасячынская. — Гэта звязана з неабходнасцю правядзення дэталёвых памежных праверак экспартаваных тавараў, што дазваляе не парушаць санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі ці Расіі. Такія праверкі ўключаюць у сябе, у прыватнасці, скрупулёзны аналіз суправаджальных дакументаў ці праверку фактычнага стану дэкларацыі на адпаведнасць дзейным нормам.
Нагадаем, на мяжы Польшчы і Беларусі цяпер працуе толькі адзін памежны пераход для пасажырскага транспарту («Брэст — Тэрэспаль») і адзін для грузавога аўтатранспарту («Кукурыкі — Казловічы»), а таксама грузавы чыгуначны пераход.
У пачатку ліпеня Польшча 33 гадзіны блакавала чыгуначны рух на буйным мытным тэрмінале ў Малашэвічах на мяжы з Беларуссю: фармальна там праводзіліся «кантрольныя мерапрыемствы». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, тым самым беларускім уладам далі «выразны сігнал» пра тое, што чыгуначны транзіт з Беларусі ў ЕС можа быць перакрыты.
Чытайце таксама