Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC) паведамляюць пра рызыку віруснай трыдэміі — гэта калі чалавек адначасова заражаецца COVID-19, грыпам і рэспіраторна-сінцытыяльным вірусам. Пра тое, як гэта можа закрануць беларусаў, расказаў загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па інфекцыйных захворваннях Ігар Карпаў, піша «Медицинский вестник».
— Пандэмія COVID-19 яшчэ не скончылася. Мы, напэўна, ужо не ў эпіцэнтры, але і заканчэння пакуль не відаць. На мінулым тыдні колькасць выпадкаў COVID-19 узрастала ў некаторых рэгіёнах свету. Павелічэнне выкліканае спалучэннем фактараў: цыркуляцыяй варыянту «амікрон» і яго падварыянту ba.5, а таксама паўсюдным зніжэннем мераў абароны і накіраваных намаганняў грамадскай аховы здароўя.
Карпаў таксама звярнуў увагу на новыя падварыянты COVID — 19-XBB (Gryphon), хваля якога пачалася ў Сінгапуры, а таксама яшчэ адзін — BQ.1.1 (Cerberus), больш распаўсюджаны ў Еўропе і ЗША. Яны не характарызуюцца павелічэннем смяротнасці і вірулентнасці, але пры гэтым больш кантагіёзныя (заразныя. — Заўв. рэд.).
— Таксама ў свеце з’явіўся новы тэрмін — трыдэмія. Патройны мікст (COVID-19, грып і рэспіраторна-сінцытыяльны вірус) — тое, з чым ужо сутыкнуліся ў ЗША, — адзначыў інфекцыяніст.
Спалучэнне нават двух вірусаў, якія пашкоджваюць дыхальную сістэму, прыводзіць да больш цяжкай і працяглай хваробы.
Паводле яго словаў, у ЗША пачатак сезоннага ўздыму грыпу ссунуўся практычна на тры тыдні, ускосна ўсё гэта сведчыць пра тое, што і ў нас можа быць змена даміноўнага рэспіраторнага віруса, то-бок Беларусь таксама не пазбегне сур’ёзнага ўздыму захворванняў на грып.
Карпаў зрабіў пяць галоўных высноваў:
- Як ніколі актуальная вакцынацыя супраць грыпу.
- Трэба быць гатовымі да істотнай ролі грыпознай інфекцыі ў гэтым сезоне, імаверна, больш ранняй, чым звычайна.
- Можа павялічыцца паток педыятрычных пацыентаў з акцэнтам на малодшы ўзрост.
- Узрасце патрэба ў кіслародзе і апаратах ШВЛ.
- Па-ранейшаму актуальныя прафілактычныя мерапрыемствы.
Эксперт таксама адзначыў, што ў групе рызыкі тыя самыя пацыенты, што і раней: пажылыя людзі, з сур’ёзнымі фонавымі захворваннямі, імунадэпрэсіяй.