Мінчук Аляксей лічыць, што да яго прыйшлі сілавікі ў цывільным адразу пасля таго, як ён напісаў на электронную пошту ў пасольства і консульства Польшчы ў Беларусі. Мужчына мяркуе, што да гэтых скрыняў можа быць доступ у сілавікоў. Ён расказаў «Люстэрку», чаму так лічыць і чым скончылася яго гісторыя.
Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі. Яго звесткі, а таксама скрыншот ліста з просьбай аформіць гуманітарную візу ёсць у рэдакцыі.
«Давайце вы скажаце, дзе вы, мы ў любое месца прыедзем да вас»
Аляксей тэлефануе з Турцыі, месяц таму ён прыляцеў у гэтую краіну і збіраецца там легалізоўвацца. Яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка планаваў з’ехаць у Польшчу, аднак давялося рэзка эвакуявацца з краіны.
Усё пачалося гэтай восенню з таго, што дзесьці «ўсплыло» фота Аляксея з пратэстаў і ім зацікавілася РУУС:
— Патэлефанавалі, нібыта я стварыў аварыйную сітуацыю на дарозе. Сказалі, што там нават толкам не відаць, ці я наогул гэта быў, і праз тэрмін даўнасці мне не могуць нічога выставіць, але абавязаны правесці тлумачальную гутарку, — расказвае мінчук. — Я прапанаваў зрабіць гэта па тэлефоне — сказалі: «Не, трэба, каб вы прыехалі, падпісалі». Прапанаваў выслаць мне дакументы, а я б паставіў электронны подпіс. У адказ: «Не, мы так не ўмеем. Давайце вы скажаце, дзе вы, мы ў любое месца прыедзем да вас». Я ўсё зразумеў і адмовіўся кудысьці ехаць.
Аляксей з сям’ёй не жыве па прапісцы, таму не чакаў, што сілавікі прыйдуць да яго дадому па месцы жыхарства. Кажа, што ў выпадку з’яўлення «гасцей» па тым адрасе даведаўся б пра гэта ад суседзяў. Але ён падумаў, што проста так яго не пакінуць, і вырашыў планаваць ад’езд, рабіць гуманітарную візу ў Польшчу. Была сярэдзіна кастрычніка.
— Праз высокую колькасць людзей у агенцтве мяне не змаглі хутка запісаць у чаргу. Праз тыдзень, улічваючы крытычную сітуацыю, прапанавалі напісаць наўпрост консулу, — расказвае мужчына.
Першапачаткова ён напісаў на пошту консульскага аддзела па тым электронным адрасе, які пададзены на афіцыйным сайце. Адтуль яго перанакіравалі на скрыню, якая значыцца на сайце як пошта для «візавай інфармацыі».
— Я апісаў сітуацыю як ёсць: быў на пратэстах, ёсць даведка пра збіццё сілавікамі, на руцэ ёсць вялікая татуіроўка з БЧБ-сцягам і «Пагоняй», — тлумачыць Аляксей. — Мне прыйшоў аўтаматычны адказ, што трэба падаць адрас і тэлефон. Я, думаючы, што ўсё надзейна, напісаў рэальны адрас, свой новы нумар (да гэтага якраз памяняў, каб нідзе не свяціцца). Ну і ўсё. Праз тры гадзіны пад дзвярыма — дзядзькі і ў спартыўных касцюмах і міліцэйскай форме.
Прычым яны ўжо не званілі ў дамафон і не стукалі ў дзверы — адразу пачалі лупіць кулакамі. Дзяўблі доўга, хвілін 40. На нейкі час сышлі — відаць, чакалі ў пад’ездзе, таму што потым вярнуліся і стукалі зноў, — успамінае мужчына. — Але дзверы не ўзломвалі — можа, таму, што на мяне не была заведзеная крымінальная справа, як я даведаўся праз знаёмых. Мы з жонкай і васьмігадовым сынам заціхарыліся, дамовіліся, каб малодшага з садка забралі сваякі, а самі хаваліся да ночы.
Магчыма, гэта было проста супадзенне і сілавікі нейкім іншым чынам даведаліся пра ягонае месцазнаходжанне? Мужчына ў такія супадзенні не верыць:
— Я пра гэта думаў. Але ў мяне [са знаёмых] нікога не затрымлівалі ў апошні час. І нікога ў мяне не знайшлося ў думках, хто мог бы мяне здаць. Вядома, гэта можа быць супадзеннем і мяне вылічылі па мабільніку, але, ведаючы кучу прыкладаў пра іх непаваротлівасць, слаба верыцца. Калі б яны спачатку прыйшлі па прапісцы, тады б я не думаў пра пошту консульства.
Ён мяркуе, што ў сілавікоў ёсць нейкі доступ да скрыняў консульскага аддзела пасольства Польшчы.
— Ведаючы, наколькі яны непаваротлівыя, занадта ўсё супала. Яшчэ калі яны тэлефанавалі мне, а я адмовіўся прыязджаць на гутарку, па тэлефоне папярэдзілі, што вышлюць позву. Сказалі: калі я не з’яўлюся і па ёй, будзе нейкая адказнасць, — супастаўляе факты Аляксей. — Але на адрас, дзе я прапісаны, так нічога і не прыйшло. Неяк не асабліва яны спяшаліся. А тут проста маментальна спрацавала!
— Відаць, я ўсплыў у іх у нейкіх базах, і яны хацелі, каб я прыйшоў у РУУС, — працягвае суразмоўца. — Думаю, яны там тэлефануюць людзям, і хто з’явіцца, з тым працуюць, а астатнія — «у чарзе». І калі я напісаў у лісце і пра татуіроўку, і пра тое, што ўдзельнічаў у маршах, — для іх, напэўна, вельмі рэзка зрабіўся прынадным кавалачкам. Не ведаю, як яшчэ магло супасці, каб яны не ішлі па месцы прапіскі, а адразу з’явіліся да мяне дадому. Я не таго палёту птушка, каб сілавікі мяне проста так пачалі шукаць — гэта трэба было высветліць, хто мая жонка, дзе яна прапісаная. А яны ведалі, што я ў гэтай кватэры знаходжуся.
Аляксей кажа, што ў той дзень да позняга вечара баяўся выходзіць з кватэры. Ноччу сябры вывезлі яго ў Расію, адкуль потым ён паляцеў у Турцыю. Ужо пасля ад’езду з Беларусі ён прачытаў адказ з пасольства на свой ліст: супрацоўнікі папрасілі падаць дакументы, якія пацвярджаюць ягоныя словы. Іх мужчына ўжо высылаць не стаў, пакуль планаў ехаць у Польшчу ў яго няма.
— Я вырашыў расказаць сваю гісторыю, каб з іншымі не адбылося тое самае, што са мной. Вось так напіша чалавек у адчайнай сітуацыі свой рэальны адрас, да яго прыйдуць — ён адчыніць і паедзе ў турму, — адзначае суразмоўца. Паводле яго словаў, пасля таго выпадку сілавікі да яго дадому больш не прыходзілі.
25 лістапада «Люстэрка» звярнулася з нагоды гэтай сітуацыі ў пасольства Польшчы ў Мінску. Прадстаўнікі ведамства праз тэлефон даваць каментар не сталі, папрасілі адправіць пісьмовы зварот і растлумачылі, што тэрмін яго разгляду можа заняць да 30 дзён. Як толькі (і калі) мы атрымаем каментар, то апублікуем яго.
Калі з вамі адбылося нешта падобнае ці вы чулі такія гісторыі, раскажыце (у тым ліку ананімна) пра гэта рэдакцыі, напісаўшы нам у тэлеграм @zerkalo_editor.