У Мінскай вобласці выклікаць ваеннаабавязаных на зверку звестак абяцалі позвамі або тэлефоннымі званкамі. Але ў Барысаўскім раёне вырашылі, што без гэтага можна абысціся. Пра патрабаванне ваеннага камісара Барысаўскага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці палкоўніка Валерыя Раманоўскага піша раённая газета «Адзінства».
У яго заяве гаворыцца, што «з мэтай выканання задачы па правядзенні зверкі ўліковых звестак ваеннаабавязаным, якія ў перыяд з 12 кастрычніка 2022 года да цяперашняга часу не атрымалі персанальнай позвы, альбо з кім не былі звераныя звесткі па тэлефоне», неабходна прыбыць у ваенкаматы.
Напрыклад, мужчынам, прапісаным у Барысаве, — у ваенны камісарыят Барысаўскага і Крупскага раёнаў па адрасе, хто ў Крупках — у адасобленую групу ваеннага камісарыята ў Крупках, а сельскім жыхарам — у сельскія выканаўчыя камітэты па месцы жыхарства.
Нагадаем, раней у Мінскай вобласці заяўлялі, што падчас кантрольнага апавяшчэння ваеннаабавязаных і іх яўкі для ўдакладнення звестак ваеннага ўліку тэрмін яўкі ваеннаабавязаных у сель-, гарвыканкамы і ваенныя камісарыяты будзе даведзены позвай або праз аддзелы кадраў ці работнікаў сель-, гарвыканкамаў. У асобных выпадках выклік ваеннаабавязаных можа ажыццяўляцца праз тэлефон.
Напярэдадні ў Мінабароны Беларусі паведамілі, што «больш за 70% ваеннаабавязаных узялі ўдзел у мерапрыемствах па зверцы ўліковых звестак».
4 кастрычніка падчас нарады з сілавікамі Аляксандар Лукашэнка згадаў досвед расійскай частковай мабілізацыі і заявіў, што ў Беларусі яго трэба ўлічваць, «нягледзячы на тое, што ў Беларусі ў гэтым няма неабходнасці». Ён даручыў правесці праверку ваеннаабавязанага складу «без усякага гвалту, без шуму».
У сярэдзіне кастрычніка Мінабароны паведаміла, што гэтыя мерапрыемствы «носяць выключна планавы характар» і праводзяцца «кожны год». Скончыць усе мерапрыемствы па зверцы звестак абяцаюць да канца гэтага года.