Тэлеграм-канал ГУБАЗіК патлумачыў, чаму беларусы атрымліваюць тэрміны за данаты ў арганізацыі, якія на момант пералічэння сродкаў не былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Сілавікі патлумачылі сваю логіку на прыкладзе крымінальнай справы палітзняволенай Анастасіі Петрачэнка, якая атрымала тры гады калоніі за данат палку Каліноўскага. Як раней пісаў праваабарончы цэнтр «Вясна», на момант пералічэння сродкаў арганізацыя беларускіх добраахвотнікаў яшчэ не была прызнаная «экстрэмісцкім фарміраваннем», а сам плацёж так і не прайшоў. Прапагандысты ГУБАЗіК прызналі, што гэта сапраўды так, Тым не менш дзяўчыну ўсё ж затрымалі, асудзілі і адправілі ў калонію.
— Чаму? Прызнанне фарміраваннем або тэрарыстычнай арганізацыяй не азначае, што да прызнання банда не вяла тэрарыстычнай дзейнасці. Канкрэтныя экстрэмісцкія дзеянні, названыя ў законе, ажыццяўляліся, і дзейнасць вялася, а значыць, і фінансаванне яе з’яўляецца крымінальным злачынствам, і гэта не з’яўляецца ўжываннем «зваротнай сілы» (дзеянне закона або іншай нормы права ў дачыненні да падзей, якія мелі месца да ўступлення закона ў сілу. — Заўв. рэд.), — расказала адміністратарка сацсетак ГУБАЗіК у відэа, не ўдакладніўшы, якія менавіта «экстрэмісцкія дзеянні» ажыццяўляў полк Каліноўскага да прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем» і ці ведала пра іх асуджаная Анастасія Петрачэнка да спробы пералічыць сродкі.
У відэа ГУБАЗіК таксама прызналі, што падпіска на тэлеграм-каналы, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі», не цягне за сабой адказнасці. Тым не менш сілавікоў гэта не бянтэжыць.
— Фармальна адказнасць прадугледжаная толькі за распаўсюд, то-бок перасылку матэрыялаў іншым асобам. Але мы выдатна разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць, у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу — гэта не падстава ігнараваць парушальніка (калі склад адміністрацыйнага правапарушэння адсутнічае, то і парушальнік — «фармальна» не парушальнік. — Заўв. рэд.), — заявіла прапагандыстка ГУБАЗіК.
Чытайце таксама