Абвінавачаны ў гібелі 12 пасажыраў і кіроўцы маршруткі ў ДТЗ пад Смалявічамі асуджаны на 7 гадоў калоніі, перадае БЕЛТА.
Мінскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па ч. 3 арт. 317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх ці больш асоб) Беларусі і прызначыў яму сем гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Такое пакаранне, нагадаем, і прасіў пракурор.
Аварыя пад Смалявічамі
Нагадаем, раніцай 20 лютага кіроўца грузавога МАЗа філіяла аўтамабільнага парку № 20 «Мінаблаўтатранса» курсаваў паміж кар’ерам «Верасы» і вёскай Навасады. Яшчэ да таго дня ён выявіў няспраўнасць. Яна была звязаная з «разбурэннем ліста правай рысоры пярэдняй падвескі». Ехаць у такім стане было нельга, але «кіроўца ад паездак не адмаўляўся, а цягам працоўнай змены зрабіў тры рэйсы па перавозцы грузу».
Каля 14.55 ён рабіў чацвёрты рэйс. Самазвал быў загружаны пяском больш чым на 20 тон, што перавышае ўсталяваную заводам масу грузу. Машына ехала з хуткасцю 65−70 км/г. У выніку падчас руху разбурылася правая рысора, і грузавік сутыкнуўся з маршруткай Смалявічы — Мінск.
У аварыі загінулі кіроўца і 12 пасажыраў маршруткі. Па крымінальнай справе пацярпелымі прызнаныя 34 чалавекі. «Мінаблаўтатрансу» і абвінавачанаму заяўленыя пазовы пра кампенсацыю маральнай шкоды на 2 мільёны 370 тысяч рублёў.
Чытайце таксама