У Брэсце псіхолага Алесю Лянцэвіч асудзілі на 3,5 года калоніі па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. У жанчыны падазрэнне на цяжкае захворванне, піша BG.media.
Працэс па справе ішоў чатыры дні. Прысуд вынесла суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько, ён пакуль не ўступіў у законную сілу.
Нагадаем, псіхолага затрымалі 25 траўня. Яе абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе яна зрабіла некалькі данатаў фондам BYSOL і ByHelp, якія толькі ў 2021 годзе прызналі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Агульная сума данатаў склала каля 97 даляраў (на той момант амаль 250 рублёў).
Акрамя таго, Лянцэвіч напісала чатыры каментары пра Лукашэнку, назваўшы яго сярод іншага «малпай з гранатай» і «кончаным клоўнам». Па двух з іх мінуў тэрмін даўнасці ў два гады, але яны ўсё роўна прысутнічалі ў абвінавачанні па ч.1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі).
Першапачаткова жанчыну абвінавачвалі ў тым, што яна ў красавіку 2021 года абразіла яшчэ і намесніка міністра МУС Мікалая Карпянкова (арт. 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады), аднак у гэтым выпадку абвінавачанні знялі.
На судзе брастаўчанка прызнала, што рабіла данаты, але адпрэчыла «экстрэмісцкія» матывы, прыпісаныя абвінавачаннем. Яна таксама прызнала сябе вінаватай у абразе Лукашэнкі.
Пры гэтым Алеся Лянцэвіч акцэнтавала ўвагу суда на тым, што апошнія два гады ніяк не ўдзельнічае ў грамадска-палітычнай дзейнасці і не пакідае ніякіх каментароў у інтэрнэце, у тым ліку праз стан здароўя. У яе падазрэнне на цяжкае захворванне, якое, паводле яе словаў, у калоніі немагчыма будзе ні дыягнаставаць, ні нармальна лячыць.
Тым не менш суд асудзіў яе на 3,5 года калоніі (першапачаткова пракурор прасіў чатыры).