З 26 студзеня гэтага года беларусы змогуць падаваць заяўкі на пашпарт Новай Беларусі. Ён яшчэ не з’явіўся, але ўжо не раз выклікаў спрэчкі і трапляў у скандалы. Пасля абвяшчэння даты збору заявак і новых падрабязнасцяў што да дакумента яго раскрытыкаваў экс-чалец Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валерый Кавалеўскі, які раней кіраваў праектам. «Люстэрка» спытала ў беларусаў, што думаюць на гэты конт яны і ці збіраюцца рабіць пашпарт. Аказалася, ахвотныя ёсць нават сярод тых, хто застаецца ў краіне.
Імёны некаторых суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі.
Уладзімір, 65 гадоў, Мінск
Я знаходжуся ў краіне і пакуль не ведаю, як гэта зрабіць, але хацеў бы атрымаць пашпарт Новай Беларусі. Як чакаю і самой Новай Беларусі. У мяне застаецца нямала добрых рэчаў з 2020 года, я іх трохі прыбраў з бачных месцаў, але выкідваць не збіраюся. У гэтых пытаннях ёсць розніца паміж бояззю і разумнай асцярогай. У мяне і адпаведныя акаўнты ў кампе ёсць, і Telegram партызанскі, — я прытрымліваюся лічбавай бяспекі. Так і з пашпартам — не ў той час і не ў тым месцы я ім размахваць не буду, але мець хачу. Хай ляжыць да часу.
Я лічу, што гэты праект каштоўны як вельмі важны складнік працэсу паступовага, але ўсёабдымнага адбірання функцый у лукашэнкаўскай вертыкалі, у лукашэнкаўскай дзяржавы. Калі на пашпарт паступяць сотні тысяч ці мільёны заявак, а тым больш калі яны будуць задаволеныя, дэмсілы Беларусі атрымаюць пацверджанне ў магутнай падтрымцы народа, у яго жаданні змяніць гэтую непапулярную ўладу. І гэтыя лічбы ім (нам) нададуць большую вагу ў вачах сусветных дэмакратычных партнёраў, дапамогуць дабіцца прызнання гэтага дакумента ў большай колькасці краін свету, што вельмі палегчыць жыццё ўсім пазбаўленым Радзімы беларусам.
Аляксей, 45 гадоў, Варшава
У маёй сям'і мы збіраемся зрабіць гэтыя пашпарты для ўсіх. Мы з’ехалі і жывём у Польшчы, стараемся адаптавацца, уліваемся ў мясцовую культуру. Але мы застаёмся беларусамі. Беларусамі свабоднай у будучыні Беларусі.
Дзмітрый, 35 гадоў, адна з краін Скандынавіі
Я выязджаў з Беларусі не як палітычны мігрант — па працоўнай візе. Пазней прыехала мая сям’я, мы атрымалі ВНЖ. Але цяпер акурат трапілі ў цяжкае становішча: фармальна мы не ўцекачы, і праз гэта нам адмовілі ў атрыманні праязнога дакумента. У Беларусь нам вяртацца наогул не варыянт.
У нас былі, вядома, думкі ў духу «а раптам нешта талковае атрымаецца, мала што». І наогул ад пашпарта Новай Беларусі шмат не чакалі. Але калі ўбачылі, што атрымалася… Прабачце, але гэта цырк нейкі. На цяперашні момант колькасць краін, якія прызнаюць узор, — нуль. Але на ўзор ўжо невядома навошта можна падацца. І больш за тое, як высветлілася, орган, які будзе выдаваць, не прайшоў патрэбнай сертыфікацыі (гаворка пра аўдыт, якога, паводле Валерыя Кавалеўскага, не прайшоў Беларускі пашпартны цэнтр. — Заўв. рэд.). Ну клас! Думалі-думалі і прыдумалі. Купіце, атрымліваецца, сувенірчык за 100 даляраў (афіцыйны збор за пашпарт складае 97 еўра. — Заўв. рэд.).
Яшчэ я баюся за бяспеку асабістых звестак. Расследаванне БРЦ з нагоды мінулага падрадчыка паказала, што Офіс [Святланы Ціханоўскай] неяк занадта наіўна і бесклапотна ставіцца да гэтых пытанняў. Так што, шчыра кажучы, такія гучныя «анонсы» выклікаюць толькі раздражненне. Гэты пашпарт і так ужо паспеў некалькі разоў пабываць у скандалах, і тут вось зноў. Лепш бы наогул нічога не рабілі і засяродзіліся на дапамозе беларусам у розных краінах.
Але я гатовы быў бы рызыкнуць і даверыцца, калі б гэты пашпарт даваў відавочныя перавагі, якіх цяпер няма. Але калі ў будучыні Офіс дасць канкрэтныя тлумачэнні, з’явяцца дзяржавы, згодныя гэты дакумент прызнаць, я гатовы сваё меркаванне змяніць.
Мікалай, 40 гадоў, Варшава
У мяне міжнародная абарона і цяперашні пашпарт сапраўдны яшчэ пяць гадоў, але я ўсё роўна планую рабіць пашпарт Новай Беларусі. Кіруюся тым, што ўсё ж рана ці позна Офіс «вымучае» і прызнанне гэтага дакумента, як мінімум у ЕС. Нягледзячы на ўвесь скептыцызм (не мой) што да гэтага праекта, рух усё ж ёсць, хай і павольны. Не заўсёды ўсё лагічна і выразна, але абяцанні ў цэлым стрымліваюць. Плюс, з улікам паднятага ў СМІ і сацсетках хейту ў бок Офіса і праекта, думаю, для дэмсілаў гэта будзе справай прынцыпу.
Я не падтрымліваю крытыкі дзеля крытыкі — маўляў, ды гэты пашпарт ніколі не выпусцяць, «толькі гранты піляць». Але ёсць заўвагі, з якімі я згодны. Напрыклад, што да тэрмінаў выдачы той жа Офіс першапачаткова быў даволі аптымістычны, потым ссунулі даты, пазней ссунулі яшчэ. Хоць, думаю, архіскладанасць такой справы ім была вядомая адразу і можна было даваць больш рэалістычныя абяцанні.
У мяне няма 100% даверу да гэтага пашпарта: я выдатна разумею, што засланцы рэжыму дагэтуль могуць пранікаць у дэмакратычныя структуры, могуць узломваць базы і гэтак далей. Гэта было, з гэтым змагаюцца (дастаткова ці не — пытанне адкрытае), і яно будзе працягвацца. Але, як і ўсе мінулыя гады і кампаніі, я разумею, на што іду, і лічу, што ўсе, хто будзе падавацца на гэты пашпарт, мусяць гэта разумець.
Як мінімум некалькі маіх знаёмых (у аналагічнай маёй сітуацыі) таксама хочуць падацца на пашпарт Новай Беларусі. Ніхто з нас не бачыць асаблівых прычын чакаць, каб спачатку хтосьці атрымаў яго, а потым рабіць, — нехта ж мусіць быць у першых шэрагах.
Дарэчы, яшчэ адна прычына, чаму я хачу падаць заяўку, — каб паказаць зацікаўленасць беларусаў у гэтым дакуменце. Бо калі ўсе махнуць рукой і колькасць заявак будзе мінімальнай, то і еўрапейцам паказаць будзе няма чаго. Патрэбная ўцягнутасць людзей у працэс.
Яўген, 35 гадоў, Польшча
Хоць часам і езджу ў Беларусь, але, як толькі з’явіцца магчымасць атрымліваць у Варшаве, падам заяўку. Нягледзячы на тое што Офіс заяўляе пра поўную бяспеку, гэтае пытанне многіх турбуе. Я б не давяраў іх словам цалкам: заўсёды ёсць шанец, што ўзламаюць, ды і агентуры ніхто не адмяняў. Думаю, тым, хто хоча падацца, варта грунтавацца на тым, што найгоршы сцэнар 100% здарыцца, і потым прымаць рашэнне. Па сабе скажу: калі перасякаю мяжу, і так заўсёды ёсць пагроза затрымання. Разумею, што пасля падачы гэтая імавернасць павысіцца, але я веру ў лепшае! (усміхаецца)
У мяне няма вялікіх надзей, што гэты пашпарт стане нейкім сур’ёзным дакументам, — цяжка ўявіць яго прыкладное значэнне. У самым аптымістычным выпадку яго прызнаюць паўдакументам некалькі краін Еўропы, можа, дадуць бязвіз. Але ўмовы атрымання пашпарта такія, што прэтэндэнты на яго і так могуць свабодна ездзіць па Шэнгене. Ды і еўрапейская бюракратыя не можа справіцца нават са сваімі паўнавартаснымі дакументамі на прыкладзе польскага праязнога дакумента: дзесьці прымаюць, дзесьці не. Так што пашпарт Новай Беларусі застаецца прыемным сувенірам, як раней быў пашпарт N. R. M., пра які можна будзе потым расказваць дзецям і ўнукам.
Георгій, 44 гады, Варшава
У мяне вельмі простае меркаванне на гэты конт: чарговы крынж. На жаль, людзі, якія з’ехалі з Беларусі, ужо даўно не прадстаўляюць інтарэсаў беларусаў: адны толькі дэкларацыі, магчыма, кропкавая дапамога камусьці з медыйных уцекачоў, не больш за тое… Гісторыя паўтараецца: гэтак жа было і з БНР сто гадоў таму. І тут таксама спачатку нешта спрабавалі, потым проста засвойвалі гранты, пералаяліся паміж сабой, абменьваліся ўзаемнымі абвінавачваннямі. Гэтыя вечныя злівы звестак, нейкія мітынгі ў краінах ЕС, дзе ўсё на відэа фіксуе з дзясятак кадэбэшнікаў, і іншыя праколы…
Сам так званы пашпарт — вяршыня глупства. Мала таго што дызайн больш да навагодняй паштоўкі падобны (ёсць жа градацыя пашпартоў у свеце: сіні, чырвоны, зялёны), і гэтым проста падкрэслілі адсутнасць у паперкі статусу дакумента. Дык яшчэ і адбіткі пальцаў вырашылі збіраць! А потым высветліцца, што збіраў чарговы агент КДБ.
Што значыць колер вокладкі?
Колер пашпарта звычайна залежыць ад пэўных фактараў. Сіні — у 15 краін Карыбскай супольнасці, Бразіліі, Аргенціны, Венесуэлы, Уругвая і Парагвая, а яшчэ — у ЗША. Чорная вокладка — самая рэдкая — у грамадзян Новай Зеландыі і некаторых дзяржаваў Афрыкі. Але ёсць краіны гэтага кантынента з зялёнымі вокладкамі, што паказвае на прыналежнасць да ЭКАВАС (Эканамічнай супольнасці краін Заходняй Афрыкі), таксама зялёны выбіраюць мусульманскія дзяржавы.
Чырвоныя, як правіла, — у краін з камуністычным мінулым ці сучаснасцю, чальцоў ЕС і дзяржаваў, якія імкнуцца туды трапіць. Магчыма, з гэтай прычыны дэмсілы выбралі чырвоны колер для пашпарта Новай Беларусі.
Я ўдзельнічаў у многіх акцыях у 2020 годзе, у меру сіл дапамагаў кандыдатам, хадзіў на маршы. Але з таго часу і вожыку стала зразумела: ні гучнымі заявамі, ні шарыкамі, ні тым больш санкцыямі Лукашэнкі не прыбраць «з трона» — толькі рэальнай барацьбой. А цяперашняя апазіцыя — толькі яму на руку, бо з прагрэсіўных, разумных людзей ператварыліся ў лялечны тэатр, які проста злуе дыктатара, не больш за тое.
Паўліна, 32 гады, Германія
Я б вельмі хацела атрымаць пашпарт Новай Беларусі, хоць у мяне няма вострай патрэбы. Для мяне гэта важны сімвал таго, што пратэст, пачаты ў 2020 годзе, працягваецца. Што нашыя нацыянальныя колеры — белы і чырвоны — не знішчыць.
Хачу падтрымаць гэтую ініцыятыву, але ў мяне застаюцца пытанні. Хацелася б даведацца, як будуць выдавацца пашпарты тым, у каго не было цяперашніх беларускіх (напрыклад, дзецям, народжаным за мяжой).
Ігар, 42 гады, Вроцлаў
У Вільнюс дзеля гэтага я не паеду, а вось у Варшаве збіраюся зрабіць пашпарт Новай Беларусі. Навошта? Ды проста люблю прыгожыя калекцыйныя нішцякі, вось нядаўна манету з Оруэлам замовіў.
Вядома, было б нядрэнна яго калі-небудзь выкарыстаць, але я ўсё ж рэаліст, не маю ілюзій і слаба веру, што ён стане рэальным дакументам. Хаця б таму, што Беларусь сёння далёка не ў топе сусветнага парадку дня, і Офісу давядзецца вельмі моцна пастарацца, каб хоць дзесьці і неяк яго прызналі.
Але вось, дарэчы, біяметрыю я б здаваў ужо пасля таго, калі дакумент стане рэальным. У астатнім не турбуюся: выязджаў у адзін бок, у Беларусь і Расію я не езджу і не збіраюся.
Ілля, 37 гадоў, Гданьск
Пакуль для мяне гэта выглядае больш як рэкламны праект, каб прадэманстраваць актыўнасць Аб’яднанага пераходнага кабінета, чым як альтэрнатыва наяўнаму дакументу. І яго значэнне хутчэй сімвалічнае, чым практычнае.
Перадача звестак (і біяметрычных, і проста персанальных) нясе беларусам істотныя і цалкам рэальныя рызыкі, калі здарыцца ўцечка. Што б у АПК ні казалі пра бяспечнасць захоўвання з тэхнічнага пункту гледжання, ніхто не адмяняў чалавечага фактару. Што атрымлівае грамадзянін, які звярнуўся па пашпарт, падвяргаючы сябе рызыцы? Дакумент з прыгожым дызайнам, які пакуль не вырашае галоўнай сваёй задачы — магчымасці выкарыстоўвацца як пасведчанне асобы для легалізацыі знаходжання і падчас падарожжаў.
Ёсць яшчэ адзін важны для мяне момант, акурат што да сімвалічнага значэння. Я з’ехаў з Беларусі, бо цяперашняя ўлада пераследуе толькі ўласныя інтарэсы і мэты, не лічачыся з інтарэсамі і патрэбамі большасці, і жорстка душыць любое іншадумства. Дык вось, у дызайну пашпарта Новай Беларусі дзве мовы ў трох напісаннях: беларуская, лацінка і англійская.
Так ужо выйшла, што я, ведаючы абедзве дзяржаўныя мовы, размаўляю і думаю на рускай, як і абсалютная большасць знаёмых мне суграмадзян. Пашпарт Канады, да прыкладу, мае надпіс на дзвюх асноўных мовах — англійскай і французскай. Той факт, што на пашпарце НБ не знайшлося месца для другой дзяржаўнай і асноўнай для істотнай часткі грамадзян мовы, наводзіць мяне на думку, што арганізацыя, якая распрацавала яе, у крытычна важным для мяне аспекце стаўлення да інтарэсаў грамадзян не так ужо моцна адрозніваецца ад той улады, ад якой я з’ехаў.
Валянцін, 45 гадоў, Варшава
Як на мяне, гэтае рашэнне больш прадыктаванае жаданнем перабіць інфармацыйны парадак дня па выбарах. Неяк падазрона супадаюць даты, ды і ў цэлым відаць, што тэхнічны бок праекта недапрацаваны. Гэта пакідае шмат пытанняў, хоць мне цяжка меркаваць, як гэта мусіць выглядаць на дыпламатычным узроўні.
Напрыклад, з юрыдычнага пункту гледжання не зусім зразумела, чым канкрэтна збіраюцца кіравацца падчас збору персанальных звестак. На сайце размыта гаворыцца пра «заканадаўства Еўрасаюза», але ў той жа час нават пры падачы на візу любой краіны звычайна выразна прапісана: «Збор персанальных звестак вядзецца ў адпаведнасці з законам X, артыкулам Y, пунктам X». Гэтак жа мусіць быць адзначана, колькі часу гэтая інфармацыя будзе захоўвацца, і ўжо тым больш назва органа (з пазначэннем кантактных дадзеных), куды можна скардзіцца, калі вашыя звесткі выкарыстоўвалі не па прызначэнні. Тут жа толькі Беларускі пашпартны цэнтр без адраса і тэлефона (іх абяцалі апублікаваць 26 студзеня. — Заўв. рэд.) у якасці арганізацыі, якая адказвае за гэты дакумент.
Я б парэкамендаваў камандзе праекта для пачатку разабрацца з рэгламентам пра абарону звестак ЕС і прывесці свае дакументы ў адпаведнасць з ім. Напрыклад, адзін з артыкулаў падкрэслівае, што іх нельга збіраць у большым аб’ёме, чым трэба, таму хай беларусам абгрунтуюць, навошта будуць збіраць адбіткі пальцаў. Яшчэ там гаворыцца, што звесткі павінныя захоўвацца не даўжэй, чым трэба для ідэнтыфікацыі суб’екта звестак. А таксама, што любую інфармацыю пра мэты, метады і аб’ёмы апрацоўкі звестак варта агучваць максімальна проста і даступна. Не лішнім будзе паглядзець, як гэты рэгламент імплементаваны ў мясцовае заканадаўства, і дадаць спасылкі на канкрэтныя законы.
Анатоль, 35 гадоў, Вільнюс
Мой «сіні» пашпарт сапраўдны яшчэ пяць гадоў, але я буду падавацца на пашпарт Новай Беларусі ў ліку першых. Цалкам усведамляю, што пакуль гэта проста прыгожая кніжачка без якога-кольвек статусу дакумента. Але для мяне ён важны ў першую чаргу як сімвал прыналежнасці да краіны, якую я хацеў бы ўбачыць у будучыні.
Мяне крыху бянтэжыць збор біяметрычных звестак, але я не бачу сцэнара, пры якім гэта можа мне нашкодзіць, калі звесткі трапяць у рукі рэжыму. Я ўжо і так ва ўсякіх спісах і базах — у Беларусь не езджу і не збіраюся.
Не разумею абурэння некаторых людзей з нагоды кошту. Дакумент не масавы і не спансаруецца якой-кольвек дзяржавай, таму не такі і танны ў вытворчасці (разумею, што патрэбны штат супрацоўнікаў, абароненае памяшканне, нейкая камп’ютарная інфраструктура для захоўвання звестак). Але, на маю думку, разумна было б выдаваць дакумент бясплатна тым, хто найбольш пацярпеў ад дзеянняў рэжыму і не можа яго фінансава сабе дазволіць, напрыклад, былым палітвязням.
Мне важна падтрымаць гэтую ініцыятыву, бо ў маім уяўленні праект не атрымае развіцця і прызнання, калі не будзе запатрабаваны беларусамі. Трэба выказваць цікавасць, атрымліваць пашпарт і актыўна яго прасоўваць усімі сіламі, бо ён патрэбны нам, самім беларусам, а не ўмоўнай Польшчы ці Літве. Толькі ў такім выпадку ў перспектыве магчымае яго прызнанне нейкімі краінамі.
Чытайце таксама


