З украінскім байцом Майданам, чыю гісторыю расказвалі некалькі дзён таму, мы пазнаёміліся праз ваеннага псіхолага Аляксея Скіртача, які працуе з яго брыгадай. Аляксей пагадзіўся расказаць пра тое, што перажыў сам і што назірае ў сваіх байцоў. «Люстэрка» спытала псіхолага, чаму ў вайскоўцаў развіваецца посттраўматычны стрэсавы разлад, як ён праяўляецца, як з ім жыць і ці рэальна справіцца. Некаторыя яго адказы гучаць жудасна, а прагнозы, на жаль, неаптымістычныя.
«Няхай страшна, камандзір можа быць дурнем, загады — ідыёцкімі, але на вайне такое баявое братэрства, ты яго кінуць не можаш!»
Аляксей Скіртач, як і ягоны падапечны Майдан, таксама ваяваў на Данбасе: у 2014 годзе пайшоў добраахвотнікам і праслужыў да 2018-га. З пачатку поўнамаштабнай вайны ён падтрымлівае вайскоўцаў як псіхолаг-валанцёр, перыядычна ездзіць з імі ў гарачыя месцы. Быў з брыгадай у Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях, пад Лісічанскам, у 2022-м — у Салядары, Бахмуце, Часавым Яры. Што такое посттраўматычны стрэсавы разлад, Скіртач ведае і ад байцоў, і з уласнага досведу.
— Першы свой ПТСР я злавіў яшчэ на Майдане. Я ўвесь час знаходзіўся там, і тады здавалася, што нічога страшнейшага не можа быць! Было вельмі страшна: маленькая плошча, з усіх бакоў нас атачалі, у нас кактэйлі Молатава — у іх аўтаматы. І кожны раз — грукат, усё гарэла, а адступаць няма куды: мы ведалі, што нас перасаджаюць, пазабіваюць — прайграваць нельга. Калі Майдан перамог, першыя дні — шчасце, радасць неймаверная, такі кайф! А потым — бум, і ўсё, ты патух. І я вам скажу, што мяне вайна выратавала. Калі б кацапы не палезлі, калі б я не пайшоў у ваенкамат, доўга б ад гэтага адыходзіў.
Мужчына расказвае, што ў войска добраахвотнікам сыходзіў тройчы. Калі першы раз прыйшоў у сакавіку 2014-га, на фронт не ўзялі: не тая ваенна-ўліковая спецыяльнасць. Ён застаўся ў ваенкамаце, быў афіцэрам мабілізацыйнага аддзялення. Але ў ваенкамаце яму было сумна. Хацелася выпрабаваць сябе.
— У сакавіку 2015-га я змяніў спецыяльнасць на ваеннага псіхолага, і мяне накіравалі ў 41-ы асобны мотапяхотны батальён, у Данецкую вобласць. Трынаццаць з паловай месяцаў (з перыядычнымі адпачынкамі) праслужыў у гэтым батальёне, — расказвае ён. — Потым у красавіку 2016 года звольніўся. Але мы становімся наркаманамі вайны. Калі ты там, табе хочацца на грамадзянку, на свой ложачак, у цяпло і камфорт. А вяртаешся — пабыў, перазагрузіўся, і ўжо цягне назад. І хай страшна, жудасна, камандзір можа быць дурнем, загады — ідыёцкімі, але людзі табе там становяцца блізкімі, такое баявое братэрства, ты яго кінуць не можаш! І так шмат хлопцаў: прыходзяць з войска, пабоўтаюцца — сумна, нецікава. Мне вось таксама з цывільнымі больш не цікава працаваць. Прыходзіць нейкая жанчына, скардзіцца, што яе кінуў мужчына. Ну падумаеш, праблема! Там людзі без рук і ног, найцяжэйшыя раненні, псіхалагічныя траўмы, кантузіі, а тут звычайны побыт, разумееце? Я з дзяцінства марыў быць дэсантнікам, таму ў 2017-м вярнуўся ў войска — афіцэрам-псіхолагам, у 95-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду.
На той момант Скіртач ужо паспеў атрымаць сур’ёзную кантузію, а за ёй — посттраўматычны стрэсавы і трывожна-дэпрэсіўны разлад. «Дапамаглі» першыя «ўражанні» ад вайны:
— Кантузіла мяне ў траўні 2015-га: першы бой, я падносіў снарады да гаўбіцы (вельмі старая, 1960-х гадоў), і мяне бабахнула аддачай ад яе. Калі працуе артылерыя, ад парахавога дыму цёмна як уначы, нічога не відаць. І я не паспеў своечасова адысці, мяне адкінула на некалькі метраў. Страціў прытомнасць, кроў з вушэй. Мяне прывялі ў пачуццё. І нават аказалася, што мы добра трапілі па калоне расіян. Тады трэба было некалькі дзён адляжацца, але я замест гэтага з пацанамі забухаў (а гэтага рабіць нельга ні ў якім разе) — адсвяткаваў, як мы трапілі па кацапах! Праяўляцца пачало хутка: стаў тупіць, балела галава, не мог засяродзіцца. І з чэрвеня ўжо быў на антыдэпрэсантах. Праслужыў яшчэ год, але ўжо быў не такі вясёлы. Яшчэ закормлівалі ўсялякімі снатворнымі, нейралептыкамі…
Да кантузіі дадаліся першыя смерці людзей, якіх я добра ведаў. Мяне як псіхолага камбат адпраўляў на пахаванне. Прыязджаеш, трэба нешта тлумачыць бацькам. Яны не раз мяне пыталі: «Дзе вы былі, калі ён там стаяў? А чаму ён загінуў?» І ў цябе з’яўляецца віна выжылага. Гэта таксама частка ПТСР. Становіцца сорамна, што ты — жывы, а чыйгосьці сына, добрага чалавека, ужо няма. Але з часам я змяніў сваё стаўленне. Зразумеў, што, раз выжыў, значыць, гэта не проста так. Я мушу жыць за загінулых хлопцаў. Быць сумленным, не даваць хабару, не парушаць правілы — мы ж за гэта і ваюем: каб усё было справядліва, усе былі роўныя перад законам.
«На вайне ўсё канцэнтруецца на адной мэце — выжыць. Па гэта мы і вяртаемся: не хапае допінгу»
Цяпер, кажа псіхолаг, гэта ўжо ўвайшло ў звычку: кожны тыдзень хтосьці з яго знаёмых гіне або знікае. А першыя страты ўразаюцца ў памяць.
— Быў у мяне падапечны пацанчык адзін, Сярожа Бадуненка, — наогул не хацеў ваяваць: «Гэта не мая вайна, я не пайду». Спецыяльна хадзіў у навучальным лагеры і піў піва, каб яго не ўзялі. Не хацеў ні ў якую. Потым паехаў усё-такі, і гляджу — класна служыць! Тут мы паставілі ўкраінскі сцяг недалёка ад сепарскіх пазіцый, абклалі яго расцяжкамі — думалі, яны палезуць яго здымаць. А палезлі не яны, а нашыя два дурні: Ваня Сарока, таксама добры, просты, класны хлопец, і гэты Сярожа. Ён тады з раніцы хадзіў усіх задзёўбваў: «Пайшлі паглядзім на сепараў зблізку!» Вось яны пайшлі — і на сваіх жа расцяжках падарваліся. Потым я блізкага сябра пахаваў…
Але ладна — смерць. Самае страшнае — калі знікаюць без вестак. Крыўдна, што хлопцы там гніюць на зямлі. І пра гэта кажуць многія вайскоўцы: «Я не смерці баюся — баюся, што ў мяне не будзе магілы і ніхто ніколі не даведаецца, дзе я».
Аляксей таксама кажа, што на вайне складана прывыкнуць да побыту. З аднаго боку, вучышся новаму — страляць, выжываць, з іншага — адсутнасць элементарных выгодаў і ўмоваў вымотвае.
— Я гарадскі хлопчык, з інтэлігентнай сям'і, усё жыццё — па санаторыях, гатэлях, — тлумачыць ён. — У арміі ўпершыню, прабачце за інтымныя падрабязнасці, у прыбіральню ў полі хадзіў. Няма душа, не можаш нармальна памыцца, пастаянна вільготнымі сурвэткамі выціраешся. У мяне сон чуйны, а ў бліндажы ўсе храпуць. Па табе мышы бегаюць, гэта так задзёўбвае! І ўсё — ты цэлы дзень вараны, нічога не цяміш.
Знясіленасць праз бытавыя цяжкасці на вайне байцу кампенсаваў адрэналін. Так было да вяртання ў мірнае жыццё.
— Самы кайф, які я адчуваў у жыцці, — калі ідзе бой, па табе крыюць з мінамётаў або гаўбіц, усё бабахае, зямля трашчыць, у бліндажах усё абсыпаецца, — успамінае мужчына. — Хоць і не вернік, але хрысцішся-хрысцішся: «Каб не па мне! Каб не па мне!» А потым, калі ў іх заканчваюцца снарады, выходзіш — неба данбаскае, а яно такое нізкае, прыгожае, зорнае, цвыркуны спяваюць, і ты жывы! І ўсе твае сябры жывыя! Напэўна, па гэта мы і вяртаемся на вайну. Такая руская рулетка.

Я звольніўся з арміі — і пачало канкрэтна каўбасіць. ПТСР жа развіваецца, калі ты вяртаешся ў спакойныя ўмовы. Вось і я не вылазіў са шпіталяў, бальніц. Не мог спаць, мне нічога не хацелася. Пасля кантузіі пачаў заўважаць, што забываю словы, не магу прачытаць кніжку, хоць без кніжак не жыў ніколі. На гэтым фоне — дэпрэсіі.
ПТСР пасля вайны можна параўнаць з сіндромам адмены ў наркаманаў (цяжкі стан, які адчувае залежны чалавек, калі перастае ўжываць наркатычныя рэчывы. — Заўв. рэд.). Таму што адрэналін — той самы наркотык. Я ж казаў, калі ты на вайне, усё канцэнтруецца на адной мэце — выжыць. Дзень прайшоў, ты жывы — фух, добра! Яшчэ дзень — фух, добра! Жывы, жывы, жывы! Ты ўсё аддаў там, бачыў трупы, кроў, прыходзіш, а тут — цішыня і людзі ў кавяраньках. І пачынаецца: блін, а мае пацаны ж усе ў бліндажах з мышамі. І становіцца сорамна, што ты ў сваім ложку, а яны — там. Потым цябе раздзірае, хочацца зноў туды: не хапае допінгу, патрэбны зарад.
«Бацькі задзёўбвалі дурнымі пытаннямі, сябры сталі агідныя. Я нават сам піў»
Псіхолаг кажа, што, калі вайсковец вяртаецца ў мірнае жыццё, часта ў яго знікае радасць, усё робіцца шэрым. З’яўляецца адчуванне, што яго ніхто не разумее, але ўсе спрабуюць залезці ў душу роспытамі пра вайну.
— Могуць быць дэпрэсіўныя эпізоды — ты не можаш нічога рабіць: ні працаваць, ні чытаць, ні глядзець тэлевізар. Табе ўсё агіднае, ты замыкаешся ў сабе, дома. Мяне раз’юшвалі здаровыя мужыкі, моладзь, што ходзіць па вуліцах і барах. Разумееш, што мы за гэта і ваюем — каб людзі жылі мірна, бары працавалі, грошы траціліся, падаткі плаціліся. Але гэта так, калі ты разумна на ўсё глядзіш. А тут заводзіць. У любым слоўным канфлікце, калі хтосьці пачынае п’яным разумнічаць, першая думка: «Што ж ты, с***, тут, а не на вайне? Там такія пацаны гінуць, а ты, г***о, тут бухаеш, пантуешся!» Я, памятаю, не выходзіў з дому, бо ведаў: любы косы позірк, не тое слова ў мой адрас (хоць я добры чалавек па жыцці) — усё. Ты ўжо бачыў смерць і баішся не тое што пабіць кагосьці — ты баішся яго на эмоцыях забіць і сесці.
Ты рыкаеш на ўсіх, вызверваешся. Цябе ўсё раздражняе. Мяне бацькі задзёўбвалі дурнымі пытаннямі: «Ой, а чаму ты такі сумны? Чаму не такі, як раней?» Ну што ім тлумачыць? Скардзіцца: «Мама, мне цяжка — у мяне душа разрываецца»? Яны ж старэнькія, прывыклі мяне бачыць жыццярадасным, дзейным, а тут я вярнуўся зусім іншым. Мама лезе ў душу, але ты ж ёй не раскажаш усяго, разумееце? Тое самае ў хлопцаў. Тут трэба, каб блізкія былі да гэтага гатовыя.
Становяцца агіднымі старыя сябры. Я нават, калі прыязджаў у адпачынак, піў сам. Таму што, калі мы збіраліся, я з імі сварыўся: цывільныя цябе не разумеюць і становяцца чужымі. Яны думаюць, што ты такі ж, як раней, а ты ўжо іншы. І яны іншыя. Гэта тваё мінулае, а сучаснасць — там, ваюе.
У мяне тады абвастрылася бяссонніца. Я спрабаваў аднавіць сон без снатворных, неяк вырашыў выкінуць усю фармакалогію: транквілізатары, антыдэпрэсанты. Ніхто не верыць, але я не спаў 11 сутак! Да такой ступені нервовая сістэма была знясіленая, што не мог ні есці, ні спаць, нават у прыбіральню схадзіць — падыходзіш да ўнітаза, але не можаш памачыцца, разумееце? Да вайны я на такое не пакутаваў, яна пагаршае ўсе болькі.
Тады я пралячыўся ў прыватнай клініцы, мозг перазагрузіўся — як, ведаеце, у камп’ютары кэш пачысціць. Гэта мяне выцягнула. Але тая вайна — гэта, ведаеце, дзіцячае лепятанне ў параўнанні з поўнамаштабнай. У нас былі працяглыя перыяды зацішша, перамір'я, я за год з батальёна ў 500 чалавек пахаваў дзевяцярых. А цяпер заводзяць батальён — праз месяц застаецца 30% асабовага складу. Астатнія — раненні, смерці, зніклыя без вестак і дэзерціры.
«Пад Бахмутам хлопцы вар’яцеюць ад таго, колькі яны забілі»
Аляксей расказвае, што яго часта пыталі, колькі ён забіў. Як псіхолаг ён кажа, што на многіх байцоў цісне неабходнасць страляць па праціўніку і думкі пасля. Не ўсім дапамагаюць справіцца час і ўстаноўка, што на вайне не забіваюць, а ліквідуюць праціўніка.
— Вельмі правільна, калі ёсць гэтая ўстаноўка, але такіх — 30−50%. У простыя мотапяхотныя брыгады, як у мяне, набралі звычайных рабацяг, сялян, — расказвае псіхолаг. — Многія не ваяры па прыродзе, не ўмеюць біцца, у войску не служылі. І тут — забіць чалавека. Хто прывык да суровай рэальнасці, біўся сяло на сяло — такім прасцей. А інтэлігентным хлопцам складаней за ўсё. Яны кажуць: «Я ніколі па твары нікога не біў, а тут мяне забіваць пасылаюць». Гэта стандартная гісторыя.
Цяпер пад Бахмутам хлопцы вар’яцеюць ад таго, колькі яны забілі. Асабліва вернікі: «Ой, колькі я душаў загубіў! Хоць ён і кацап, але ўсё ж чалавек». І людзі занураюцца ў сябе. Хлопцаў з псіхічнымі праблемамі адразу відаць: сумныя, няшчасныя вочы. Ён нават калі захоча ўсміхнуцца, не зможа. Вось мяне летам выклікалі ў шпіталь у Бахмут: завуч школы, 27 гадоў. Я з ім працаваў некалькі дзён, ён усё: «Я ж забіваў. У яго ж дзеці».
І ў мяне пыталі, колькі я забіў. Я заўсёды казаў: не ведаю. Бывала, у пачатку, калі ахоўваў артылерыю, хацелася з гаўбіцы бабахнуць, тузануць за шнурок — хацелася забіць як мага больш. Цяпер мне б хацелася, каб я не забіў нікога. Якія яны ні пачвары, яны таксама людзі. Не нашая віна, што ім заср*** мазгі, што яны няшчасна жывуць.
Гэтым разам у Часавым Яры я ўпершыню ў жыцці ўбачыў палонных. Шасцёра вагнераўцаў, прывезлі ў бальніцу (палонных абавязкова прывозяць у медпункт, яны як тавар для абмену нашых). Я як паглядзеў — маленькія, маладыя, не ўсе зэкі, хтосьці — за грошы. І з шасцярых толькі адзін быў з горада — са Смаленска. Усе астатнія — з нейкага такога Засрачча, што я і назваў такіх не чуў. У гэтай жудаснай форме. Мне іх шкада, разумееце? Здавалася, убачу — будзе нянавісць. А яно такое няшчаснае, настолькі х**ва жыве, што прыехала сюды і яму прасцей тут памерці. Але яшчэ вось якая праблема: расіяне на забой пасылаюць поскудзь усякую, а ў нас гэта хлопцы з добрым генафондам. Яны ўтылізуюць непатрэбных грамадству, а мы губляем найлепшых.
Псіхолаг дадае, што на псіхіку на вайне цісне літаральна ўсё — акрамя побыту гэта пастаянны стрэс ад стратаў таварышаў па службе, абстрэлаў і рызыкі для сябе. І ўсё гэта не заканчваецца адразу, як баец трапляе дадому. Пасля перажытага могуць сніцца кашмары, палохаць гучныя рэзкія гукі, накрываць трывога.
— На вайне я ўжо стараюся ні з кім не збліжацца: з кімсьці скарашыўся, ён загінуў — гэтыя хлопцы сняцца. У мяне чатыры самыя блізкія сябры, і ўсе — Славы. У 2015-м прывезлі Вячаслава Бараноўскага. Уся машына ў крыві, галава прабітая. Мы за дзень да гэтага размаўлялі. Мне ён не сніцца жывым — сніцца вось гэтая карціна. Сёлета я астатніх пахаваў. Чалавек-дабрак Слава Прошчанка — разам ваявалі — сніцца па-іншаму: невыразна, але ведаю, што гэта ён, і ён увесь час усміхаецца. Слава Дварніцкі — наогул штабны работнік, займаўся паперкамі. Штаб накрылі. Цяжкае раненне, не паспелі давезці да шпіталя. І ў канцы лістапада загінуў Вячаслаў Лазарэнка, мы сябравалі 18 гадоў, дык торкнула мяне. Але ў кожнага свае сны.
Хтосьці крычыць начамі. У мірнага жыцця многія гукі падобныя да бамбёжкі, і нехта падае на зямлю. Часам проста пляскаеш рукамі — хлопец пад ложак забіваецца. Вось чаму мы столькі гадоў прасілі на Новы год не пускаць салюты. Людзі проста не разумеюць, што мы перажылі. Ты рэфлекторна шукаеш дзе схавацца. Я такіх гісторый бачыў нямала, нават на вайне. Там ты адрозніваеш выхад ад прылёту, але бывае, наш мінамёт працуе і ўсе сядзяць нармальна, а адзін — трасецца. І бачыш па ім, што не прыкідваецца.

Прывозілі да мяне такіх. Вось у красавіку зайшоў хлопчык, плача: «Я восем гадоў на вайне! Забіваў гэтых пі****саў — усё нармальна. А цяпер не ведаю, што са мной стала. Нагледзеўся гэтай крыві, смерці — усё, я ніякі. Я не ваяр, я не магу, што мне рабіць?» Такіх я звычайна на бальнічку накіроўваю. Бывае, іх прыводзяць у парадак. А бывае, шпіталі забітыя, хлопцаў трымаюць па 7−10 дзён, для рэабілітацыі гэта наогул не тэрмін. Дактары толькі купіруюць праблему.
На вайне вельмі частая гісторыя, калі жывыя зайздросцяць мёртвым. На пазіцыях, калі днямі не спіш, калі на цябе кожны дзень тоны, тоны бомбаў, снарадаў, мін кладуцца. Калі побач з табой чалавек, а тут — бах, і ні кавалачка ад яго не засталося, потым ходзяць збіраюць яго… Гэта настолькі прыгнятае, што думаеш: «Ды маць яго **! Лепш здохнуць ужо, чым так жыць». Той жа завуч, што я казаў, звар’яцеў: схапіў аўтамат і ў поўны рост пабег атакаваць. Яго павалілі на зямлю, звязалі і вывезлі на шпіталь. А там псіхіятр: «Хто ж, як не ты, будзе ваяваць, сынок?» І ён зусім звяў. Было цяжка выводзіць з гэтага стану.
«Разумееце, чалавек не можа вярнуцца з вайны. Сап’ецца, сколецца шмат народу»
Ужо цяпер, калі б мы працавалі па натаўскіх, ізраільскіх прынцыпах, напэўна, 50% байцоў вяртаць на пазіцыі нельга. Яны аддалі сябе, іх рэсурс вычарпаны, усё. Асабліва бывае — вось як з нашымі хлопцамі цяпер: вывелі ў Кіеўскую вобласць з-пад Бахмута, і там яны дакладна гэтак жа спяць у садках, школах, па 20 чалавек у пакоі, на падлозе. Так, не пад абстрэламі. Але гэта не адпачынак! Іх усіх каўбасіць. А яшчэ ж, акрамя кантузій, раненняў, ва ўсіх праблемы з каленямі, пазваночнікам, асабліва хто старэйшы: ты ў бронекамізэльцы пастаянна, на сабе носіш 20 кг, бегаеш, скачаш. Вось я ўсіх распіхаў па санаторыях, бальніцах — добра, што людзі дапамаглі. Калі прапануюць дапамогу, гэта, дарэчы, натхняе і мяне, і хлопцаў. Яны не адчуваюць сябе кінутымі, разумеюць, за што ваявалі.
ПТСР у вайскоўцаў можа быць рознай ступені і выяўляцца па-рознаму. Залежыць ад месца, дзе ваяваў, і колькасці болю і жахаў, якія ўбачыў. Але, паводле Аляксея, калі ўсе вернуцца з вайны, гэты дыягназ можна будзе ставіць 80−90% байцоў. Ён кажа, што жыць з ім можна, але навучацца не ўсе.
— Адны з гэтага лёгка выходзяць: спартоўцы, тыя, у каго цікавая праца, і асабліва тыя, у каго ўжо ёсць або нараджаюцца дзеці, — у іх ёсць мэта. Проста патрэбны час. Калі ў сям'і, у асяроддзі ўсё нармальна, праца ёсць, яно само і мінае. Так, успаміны страляюць, кашмары сняцца — гэта да канца жыцця будзе. Але ты вучышся з гэтым жыць. Вось я з вамі размашляю — я цяпер у парадку, жыву без фармакалогіі, стараюся вучыцца, каб асвяжаць мазгі.
Але многія хлопцы гэтага не разумеюць, ім прасцей быць няшчаснымі, бухаць, чым пайсці да псіхатэрапеўта, заняцца спортам. Кажуць: Што мне гэты псіхолаг дапаможа? У мяне сваё гора". Спрацоўвае стэрэатып, што сорамна быць псіхічна хворым, сорамна прызнаваць свае праблемы, асабліва мужчыну. Хочацца быць моцным, мужным, а становішся размазнёй. І яшчэ ўчора круты, упэўнены ў сабе ваяр становіцца саплёй. Гісторыя вельмі частая. Калі ён збягае ў алкаголь, пачынае курыць траву — ПТСР абвастраецца. Сап’ецца, сколецца шмат народу. Вельмі многія так і не прыйдуць у сябе. Многія памруць ад раку, ад інсульту, бо ўсё гэта дзейнічае на арганізм.
Разумееце, чалавек не можа вярнуцца з вайны. Вось успамінаю, як мы да яе класна жылі. У мяне кліенты, грошы, машына, кватэра, падарожжа — усё было. А цяпер, я вам скажу, нягледзячы на ўсё гора, што я перажыў, вайна застанецца самым яркім успамінам. У мяне і ва ўсіх хлопцаў, хто на ёй быў. Трэба толькі навучыцца мяняць сваё стаўленне да ўсяго, што ты там убачыў.