У сеціве распаўсюджваюцца відэа, запісаныя ў Бранскай вобласці. На ім мужчыны ў вайсковай форме заяўляюць, што гэта прадстаўнікі Рускага добраахвотніцкага корпуса (падраздзяленне расійскіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну) зайшлі на тэрыторыю Расіі.
— Мы не ваюем з цывільнымі, не забіваем бяззбройных, майце гэта на ўвазе. Цяпер прыйшоў час звычайным грамадзянам Расіі зразумець, што яны не рабы. Падымайце бунт, змагайцеся, — кажа на першым відэа адзін з мужчын, стоячы на ганку, як відаць з шыльды, фельчарска-акушэрскага пункта ў Любячанах.
На другім відэа мужчыны стаяць на фоне паштовага аддзялення. Яны таксама кажуць, што яны байцы Рускага добраахвотніцкага корпуса.
— Мы прыйшлі сюды не як ДРГ, а як вызваленчая армія на сваю родную зямлю. У адрозненне ад пуцінскага войска — катаў і гвалтаўнікоў, — мы не ваюем з мірнымі грамадзянамі, — кажа адзін з іх. Пры гэтым на фоне чуваць стрэлы.
Мужчына таксама кажа, што яны «прыйшлі вызваляць», і заклікае брацца за зброю, каб «змагацца з пуцінскім крывавым крамлёўскім рэжымам».
У тэлеграм-канале Рускага добраахвотніцкага корпуса апублікаваны пост з заклікам не верыць заявам прапагандыстаў, што ўкраінская ДРГ «узяла закладнікаў, забіла дзяцей»: «Рускі добраахвотніцкі корпус прыйшоў у Бранскую вобласць, каб паказаць суайчыннікам, што надзея ёсць, што свабодныя рускія людзі са зброяй у руках могуць змагацца з рэжымам».
Што здарылася
Сёння губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў, што на тэрыторыю рэгіёна з Украіны зайшла дыверсійная група. Паводле інфармацыі расійскіх тэлеграм-каналаў і СМІ, дыверсанты зайшлі ў вёскі Любячане і Сушаны, узялі ў закладнікі некалькі чалавек. У Сушанах былі падарваныя электрападстанцыя і газавая станцыя.
«У памежным Клімаўскім раёне Бранскай вобласці ФСБ Расіі і прыдадзенымі сіламі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі праводзяцца мерапрыемствы для знішчэння ўзброеных украінскіх нацыяналістаў, якія парушылі дзяржаўную мяжу», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ФСБ Расіі.
Як адрэагавалі Украіна і Расія
Ва ўкраінскім Генштабе ў адказ на інфармацыю пра ўкраінскую ДРГ у Бранскай вобласці заявілі, што УСУ вядуць баявыя дзеянні выключна на тэрыторыі Украіны.
«Усё, што адбываецца на Расіі — гэта супраціў мясцовага насельніцтва пуцінскаму тэрарыстычнаму рэжыму, невыкананне мераў пажарнай бяспекі або іншыя прычыны, якія не залежаць ад УСУ. У прыватнасці, паведамленні ў інтэрнэце пра падзеі на Браншчыне — дзёрзкая маскоўская правакацыя», — заявілі ў Генштабе ў каментары «Бабелю».
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк напісаў у твітары, што гэта «класічная правакацыя»:
«Расія хоча спалохаць сваіх, каб за год вайны хоць неяк апраўдаць напад на іншую краіну і беднасць, якая расце. Між тым партызанскі рух у Расіі робіцца больш моцным і агрэсіўным. Бойцеся сваіх партызан…» — піша Падаляк.
Історія про українські ДРГ в Рф — це класична провокація. Абсолютно свідома. Росія хоче налякати своїх, щоб за рік війни бодай якось виправдати напад на іншу країну та зростаючу бідність. Тим часом партизанський рух в Рф стає сильнішим та агресивнішим. Бійтеся своїх партизанів…
— Михайло Подоляк (@Podolyak_M) March 2, 2023
Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў тэрарыстычнай атакай тое, што адбываецца ў Бранскай вобласці, заявіўшы, што «цяпер прымаюцца меры для знішчэння гэтых тэрарыстаў».
— Дэталі будуць, натуральна, усе правярацца, расследавацца, трэба дакладна высветліць, хто гэта [здзейсніў], — заявіў Пяскоў, адказваючы на пытанне, ці звязвае Крэмль дзеянні дыверсантаў з украінскімі ўладамі.
Пуцін у сувязі з сітуацыяй у Бранскай вобласці адмяніў запланаваную на сёння паездку ў Стаўрапольскі край. Трэцяга сакавіка расійскі прэзідэнт правядзе паседжанне Савета бяспекі РФ.