У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што за суткі знішчылі два склады з боепрыпасамі і пабілі два пункты кіравання брыгад тэрытарыяльнай абароны. Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што на Бахмуцкім напрамку адбілі больш за 30 расійскіх атак за суткі, а на Аўдзееўскім і Мар'інскім — больш за 20. Спецыяльная справаздача амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны прысвечаная рэлігійным рэпрэсіям Расіі на акупаванай тэрыторыі Украіны.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 411-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Нанеслі ўдары па 11 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 26 авіяцыйных і чатыры ракетныя ўдары. Дзве расійскія ракеты, выпушчаныя з ЗРК С-300, трапілі ў аб’екты цывільнай інфраструктуры Запарожжа, ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільных, разбураныя і пашкоджаныя жылыя будынкі. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійскія сілы працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі на названых напрамках было адбіта 58 атак праціўніка.
— Праціўнік правёў 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і цывільнай інфраструктуры. У выніку трапляння пацярпелі цывільныя аб’екты ў гарадах Купянск у Харкаўскай вобласці і Дружкоўка ў Данецкай вобласці. Ёсць параненыя сярод насельніцтва.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі абстралялі 14 населеных пунктаў.
— На Купянскім напрамку абстрэлам падвергліся пяць населеных пунктаў.
— На Ліманскім напрамку за мінулыя суткі праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне на поўдзень ад Дзібровы. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся 11 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку праціўнік спрабуе ўзяць пад поўны кантроль горад Бахмут, вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне на ўсход ад населенага пункта Багданаўка і каля Хромавага. Падраздзяленні Сіл абароны адбілі больш за 30 варожых атак на гэтым участку фронту. Ад расійскіх абстрэлаў пацярпелі 13 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні ў раёнах Новакалінава, Бердзіча, Аўдзееўкі, Паўночнага, Вадзянога і Мар'інкі, поспеху не мелі. Самыя жорсткія баі на гэтым участку фронту ідуць за Аўдзееўку і Мар'інку, дзе было адбіта больш за 20 варожых атак. Абстрэлам падвергліся 11 населеных пунктаў.
— На Шахцёрскім напрамку цягам сутак праціўнік наступальных дзеянняў не праводзіў. Абстраляў восем населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік працягвае ўмацоўваць абарончыя рубяжы і пазіцыі. Абстраляў больш за 45 населеных пунктаў каля лініі баявога судакранання.
— Авіяцыя Сіл абароны за дзень нанесла шэсць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў.
— Збіта шэсць расійскіх беспілотнікаў: 3 — тыпу «Ланцэт», 2 — «Зала» і 1 — «Суперкам».
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за суткі нанеслі ўдары па чатырох зенітна-ракетных комплексах, 11 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, складзе боепрыпасаў і пяці станцыях радыёэлектроннай барацьбы расійскіх сіл.
У Генштабе таксама адзначаюць, што на акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці працягваецца прымусовая пашпартызацыя насельніцтва.
Мінабароны РФ: Нанеслі ўдары па жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 134 раёнах
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў раёнах населеных пунктаў Ямполаўка Данецкай вобласці і Новаберыслаў Херсонскай вобласці нанеслі ўдары па пунктах кіравання 125-й і126-й брыгад тэрытарыяльнай абароны.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Розаўка Луганскай вобласці, Сінькоўка, Цімкаўка, Крахмальнае і Першатраўневае Харкаўскай вобласці. Страты УСУ склалі звыш 30 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіца Д-20. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Старыца Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 67-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Церны, Тарскае, Серабранка Данецкай вобласці і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Знішчаныя больш за 120 украінскіх вайскоўцаў, пяць баявых браніраваных машын, тры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік» і гаўбіца Д-20. У раёне населенага пункта Навалюбаўка самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі знішчаны склад боепрыпасаў 66-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў, удараў авіяцыі і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў за суткі знішчаныя больш за 290 украінскіх вайскоўцаў, пяць баявых браніраваных машын, чатыры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-20. У раёне горада Краматорск Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 54-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі аператыўна-тактычнай авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Малая Такмачка, Чырвоная Крыніца, Амельнік і Праабражэнка Запарожскай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтых напрамках склалі да 50 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, два пікапы, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння знішчаныя да 40 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, 15 аўтамабіляў, адна артылерыйская сістэма М777, гаўбіца Д-30, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 102 артылерыйскім падраздзяленням УСУ, жывой сіле і тэхніцы ў 134 раёнах. Перахопленыя два рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 11 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: РФ можа выкарыстоўваць Вялікдзень у сваіх мэтах
Расія працягвае выкарыстоўваць рэлігію для дыскрэдытацыі Украіны на міжнароднай арэне, нягледзячы на тое, што сама груба парушае свабоду веравызнання на акупаваных тэрыторыях. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны. Эксперты мяркуюць, што Расія можа выкарыстоўваць блізкае свята праваслаўнага Вялікадня 16 красавіка ў сваіх мэтах — заклікаць да спынення агню з павагі да вернікаў і тым самым атрымаць паўзу перад магчымымі ўкраінскімі контрнаступленнямі.
Як адзначаюць у ISW, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расійскія салдаты або акупацыйныя ўлады ажыццявілі не менш за 76 актаў рэлігійнага пераследу. Расійскія ўлады закрылі, нацыяналізавалі або гвалтоўна ператварылі не менш за 26 культавых збудаванняў у падкантрольную Крамлю Рускую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату, забілі або затрымалі не менш за 29 святароў, а таксама разрабавалі, апаганілі або наўмысна знішчылі не менш за 13 культавых збудаванняў на акупаваных тэрыторыях. Як адзначаюць эксперты, такія выпадкі не адзінкавыя, а, хутчэй, частка мэтаскіраванай кампаніі па сістэматычным выкараненні «непажаданых» рэлігійных арганізацый і папулярызацыі Маскоўскага патрыярхату ва Украіне.
Эксперты нагадваюць, што ў самой Расіі на дзяржаўным узроўні сістэматычна душыцца свабода веравызнання. У 2016 годзе Уладзімір Пуцін ратыфікаваў «закон Яравой», згодна з якім усе рэлігійныя арганізацыі і цэрквы ў Расіі мусяць быць зарэгістраваныя ва ўрадзе. Закон забараняе «місіянерскую дзейнасць», у шырокім сэнсе вызначаную як казань, малітва, распаўсюд рэлігійных матэрыялаў і нават адказы на пытанні пра рэлігію за межамі афіцыйна ўхваленых дзяржавай сайтаў пад выглядам мер засцярогі супраць «экстрэмізму» і «тэрарызму». Расія экспартуе сваю дзяржаўную палітыку сістэматычнага рэлігійнага пераследу на акупаваную Украіну, кажуць у Інстытуце. У справаздачы прыводзяць прыклады пераследаў служак культу ў акупаваных Мелітопалі, Херсонскай вобласці, Севераданецку, Лісічанску і інш. Такую палітыку, кажуць у ISW, Расія праводзіць у акупаваных Крыме і Данбасе з 2014 года.
Масква імкнецца выкараніць аўтакефальную Праваслаўную царкву Украіны (ПЦУ), якую расійскія ўлады лічаць раскольніцкай, нягледзячы на рашэнне Сусветнага Канстанцінопальскага патрыярха ў 2019 годзе даць Украінскай праваслаўнай царкве незалежнасць ад Маскоўскага патрыярхату. Даследаванне ISW паказала, што 34% зарэгістраваных выпадкаў пераследу былі скіраваныя супраць ПЦУ, што робіць яе найбольш пераследванай рэлігійнай групай. Расіяне праводзілі такія мэтаскіраваныя атакі на ПЦУ нават падчас непрацяглай частковай расійскай акупацыі Кіеўскай вобласці ў пачатку вайны. Эксперты лічаць гэты факт дзіўным, бо Крэмль пазіцыянуе сябе як абаронца хрысціянства наогул і ўсходняга праваслаўя ў прыватнасці.
Самыя частыя ахвяры рэлігійнага пераследу з боку Расіі пасля ўкраінскіх праваслаўных — пратэстанты: 34% зарэгістраваных выпадкаў пераследу з вядомых ISW.
У цэлым сістэматычны рэлігійны пераслед з боку Расіі — гэта частка больш шырокай расійскай кампаніі культурнага генацыду супраць Украіны, лічаць эксперты Інстытута па вывучэнні вайны. Яны таксама называюць Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) не самастойнай рэлігійнай арганізацыяй, а «хутчэй, працягам расійскай дзяржавы» і «інструментам расійскай гібрыднай вайны». Расія працягне выкарыстоўваць УПЦ МП і рэлігію, каб распальваць сацыяльную напружанасць ва Украіне і ўплываць на тое, што адбываецца на полі бою.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- паводле звестак украінскага боку, расійскія войскі засяродзілі 113 батальённа-тактычных груп (БТГ) на Запарожскім напрамку і 205 БТГ на Данецкім напрамку;
- расійскія войскі нанеслі абмежаваныя наземныя ўдары па лініі Купянск — Сватава — Крамянная: на гэтых напрамках адбылося сем боесутыкненняў;
- расійскія войскі працягвалі наносіць удары па Бахмуце і яго ваколіцах, а таксама на лініі Аўдзееўка — Данецк. 9 красавіка расійскія войскі, імаверна, дамагліся нязначных поспехаў на поўдні Бахмута;
- расійскі ваенны блогер сцвярджаў, што ўкраінскія сілы правялі разведвальную аперацыю боем на захадзе Запарожскай вобласці;
- кіраўніца незалежнай расійскай праваабарончай арганізацыі «Русь сидящая» Вольга Раманава заявіла 8 красавіка, што зняволеныя-навабранцы пачалі падпісваць 18-месячныя кантракты з Мінабароны Расіі;
- расійскія акупацыйныя ўлады, імаверна, працягваюць выкарыстоўваць схемы медыцынскага перасялення для дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію. Так, кіраўнік самаабвешчанай ЛНР Леанід Пасечнік заявіў, што расійскія медыцынскія спецыялісты агледзелі больш за 94 тысячы дзяцей у Луганскай вобласці і накіравалі тысячы з іх у расійскія федэральныя клінікі.