У суботу, 7 кастрычніка, палестынская тэрарыстычная групоўка ХАМАС пачала ўварванне ў Ізраіль з тэрыторыі сектара Газа, якое суправаджалася масіраванымі ракетнымі ўдарамі. Пасля гэтага пачалася аперацыя ў адказ Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ). Чаму тэрарысты выбралі для нападу менавіта гэты час, як рыхтаваўся і выглядаў напад, якім чынам на яго адказаў Ізраіль? І чаго можна чакаць ад гэтай вайны ў будучыні? «Люстэрка» разабралася, як усё, што адбываецца, выглядае з ваеннага пункту гледжання.
Чаму ХАМАС атакаваў Ізраіль у гэты момант?
Напад ХАМАС на Ізраіль стаў самым маштабным і разбуральным уварваннем у гэтую краіну з часу вайны Суднага дня, што адбылася паўстагоддзя таму. Баевікі выпусцілі тысячы ракет па паўднёвым і цэнтральным Ізраілі, нанёсшы ўдары ў тым ліку па абедзвюх сталіцах краіны: Тэль-Авіве і Ерусаліме. Напад суправаджаўся шматлікімі забойствамі мірных грамадзян і актамі гвалту. Агульная колькасць загінулых з ізраільскага боку да вечара 9 кастрычніка дасягнула 800 чалавек, параненых — 2500.
Хоць напад ХАМАС сапраўды заспеў Ізраіль знянацку, поўнай нечаканасцю яго назваць складана. Ён адбыўся пасля некалькіх месяцаў абвастрэння напружанасці паміж Ізраілем і ХАМАС. Габрэйская дзяржава некалькі разоў падвяргалася нападам тэрарыстаў, у тым ліку ў студзені, калі палестынскі баявік застрэліў сем чалавек каля сінагогі. У красавіку ізраільская паліцыя правяла рэйд на тэрыторыі мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме — адным з трох самых святых месцаў для мусульман. У ёй забарыкадаваліся рэлігійныя актывісты, якія кідалі ў паліцыю камяні і запускалі ў яе бок феерверкі. У аперацыі выкарыстоўваліся гумовыя кулі і святлошумавыя гранаты — былі параненыя 50 чалавек.
Ужо пасля пачатку ўварвання 7 кастрычніка кіраўнік вайсковага крыла ХАМАС Мухамад Даф заявіў, што атака стала адказам на «апаганьванне мячэці Аль-Акса». «Бурай Аль-Аксы» ХАМАС назваў і само ўварванне ў Ізраіль.
Зрэшты, сітуацыя вакол Аль-Аксы больш падобная да зручнай нагоды, а не да рэальнай прычыны нападу. Хутчэй за ўсё, на выбар часу паўплываў комплекс з некалькіх прычын, тры з якіх выглядаюць найбольш важнымі.
Па-першае, імаверна, што ўварванне было прымеркаванае да збліжэння паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй пры пасярэдніцтве ЗША. Габрэйскую дзяржаву і адну з наймацнейшых краін арабскага і ісламскага свету зблізіла агульная пагроза ў выглядзе Ірана. Ізраільскія СМІ перад самым уварваннем, 6 кастрычніка, выказвалі ўпэўненасць у тым, што новы ізраільска-саудаўскі альянс акажацца моцным і ўстойлівым. А ў верасні наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен Салман заяўляў, што кожны дзень набліжае нармалізацыю адносін яго краіны з Ізраілем — удакладніўшы пры гэтым, што палестынскае пытанне застаецца вельмі важным. «Замацаваць» угоду паміж ЗША, Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй мусіла згода апошняй павялічыць здабычу нафты — што знізіла б цану на гэты энерганосьбіт у свеце.
Меркаванне, што рух ХАМАС атакаваў Ізраіль у першую чаргу для таго, каб сарваць перамовы паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй, існуе і ў разведвальнай супольнасці ЗША. Такую здагадку агучылі, у прыватнасці, некалькі былых афіцэраў амерыканскай разведкі і ўзброеных сіл. Адным з пунктаў пагаднення паміж дзвюма краінамі мусіць стаць дыпламатычнае прызнанне Ізраіля Эр-Рыядам — што можа заахвоціць да гэтага і іншыя арабскія краіны. А серыя такіх пагадненняў цалкам можа пакласці канец дзесяцігоддзям варожасці габрэйскай дзяржавы з яе арабскімі суседзямі. Тым больш што яшчэ адным пунктам пагаднення мусіла стаць вылучэнне Ізраілем тэрыторыі для палестынцаў, дастатковай для стварэння жыццяздольнай дзяржавы — пра што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у верасні размаўляў з ізраільскім прэм’ер-міністрам Біньямінам Нетаньяху.
Але такая разрадка ў рэгіёне задавальняе не ўсіх — і не толькі палестынцаў. У верасні прэзідэнт Ірана (галоўнага спонсара і заступніка ХАМАС) Эбрагім Раісі наўпрост заявіў, што выступае супраць нармалізацыі адносін Ізраіля з іншымі дзяржавамі Блізкага Усходу. 8 кастрычніка The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ў ХАМАС і «Хезбале» (яшчэ адно праіранскае тэрарыстычнае фармаванне з Лівана) паведаміла, што напад ХАМАС на Ізраіль некалькі тыдняў дапамагалі планаваць супрацоўнікі спецслужбаў Ірана. Яны ж далі адмашку на пачатак атакі.
Другая прычына, якая магла паўплываць на выбар часу для нападу з боку ХАМАС і яго заступнікаў, — гэта палітычны крызіс у Ізраілі, выкліканы імкненнем згаданага вышэй Нетаньяху правесці спрэчную судовую рэформу, аслабіць Вярхоўны суд і ўмацаваць уладу кіраўніка ўрада. Апаненты прэм’ер-міністра бачаць у гэтым аслабленне дэмакратычнай сістэмы стрымак і проціваг і жаданне Нетаньяху застацца на пасадзе пасля абвінавачанняў у карупцыі. Непрыманне рэформы часткай грамадзян было настолькі вялікім, што ў ліпені 56% з іх асцерагаліся, што яе правядзенне справакуе грамадзянскую вайну. Сур’ёзныя рознагалоссі паміж ізраільцянамі тэрарысты цалкам маглі расцаніць як прыкмету слабасці дзяржавы ў цэлым.
Яшчэ адна магчымая прычына, якая паўплывала на рашэнне ХАМАС напасці на Ізраіль, звязаная з зацікаўленасцю Расіі ў тым, каб адцягнуць увагу заходніх дзяржаваў і свету ў цэлым ад свайго ўварвання ва Украіну. Напрыклад, апазіцыйны расійскі тэлевядоўца і публіцыст Аляксандр Няўзораў лічыць, што «рускія вушы „іўдзейскай вайны“ відавочныя і несумнеўныя» — бо Крамлю, на ягоную думку, «да зарэзу патрэбнае драбненне тых сіл цывілізацыі, што перашкаджаюць рабаваць і забіваць Украіну».
У панядзелак, 8 кастрычніка, пра карысць новай вайны для Расіі заявіў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда: «Гэта, безумоўна, спрыяе Расіі і расійскай агрэсіі супраць Украіны, гэта адцягвае ўвагу свету».
Канкрэтны дзень нападу — субота, 7 кастрычніка, — мог быць прымеркаваны да важнага іўдзейскага рэлігійнага свята Шміні Ацэрэт. Прынамсі, у Ізраілі лічаць, што менавіта дзякуючы гэтаму нападнікам удалося заспець іх знянацку. Магчыма, пэўную ролю адыграў і гістарычны сімвалізм — амаль роўна за 50 гадоў да гэтага арабскія краіны ўжо нападалі на Ізраіль, пачаўшы вайну Суднага дня.
Як рыхтаваўся і як выглядаў напад?
Падрыхтоўка да ўварвання ў Ізраіль вялася загадзя. ХАМАС некалькі месяцаў уводзіў ізраільцян у зман, ствараючы ўражанне, што не гатовы да вайны. Руху ўдалося прадставіць сітуацыю так, што яго больш турбуе доступ палестынцаў да працоўных месцаў у Ізраілі. Са свайго боку, пасля папярэдняй канфрантацыі ў 2021 годзе Ерусалім імкнуўся забяспечыць хаця б базавую эканамічную стабільнасць у Газе і выдаваў жыхарам сектара тысячы дазволаў на працу ўнутры самога Ізраіля і на Заходнім беразе ракі Іярдан (у другой частцы Палестынскай аўтаноміі). Узровень заробкаў тут прыкладна ў дзесяць разоў вышэйшы, чым у сектары Газа.
ХАМАС змог пераканаць Ізраіль у тым, што заклапочаны эканамічнымі праблемамі. Больш за тое, гэтую дэзінфармацыю прынялі за чыстую манету нават палестынцы з Заходняга берага — дзе многія высмейвалі радыкальны «ў мінулым» рух за тое, што ён супакоіўся і адмовіўся ад агрэсіўнай рыторыкі.
Насамрэч жа ХАМАС у абстаноўцы строгай сакрэтнасці рыхтаваўся да нападу. У сектары Газа пабудавалі макет ізраільскага паселішча, у якім баевікі адпрацоўвалі высадку дэсанту і трэніраваліся штурмаваць пункт. Каб не дапусціць уцечак, планы нападу да самага апошняга моманту не даводзіліся да шараговых удзельнікаў атакі: падчас трэніровак 1000 баевікоў не падазравалі пра дакладную мэту вучэнняў.
Само ўварванне 7 кастрычніка вялося на сушы, моры і ў паветры і складалася з пяці асноўных элементаў.
- Першым з іх стаў запуск з сектара Газа адразу некалькіх тысяч ракет па цэнтральным і паўднёвым Ізраілі. Ракеты ХАМАС па магчымасці запускаў па нізкай траекторыі. Праз гэта яны ляцелі не так далёка — але ізраільскай сістэме супрацьракетнай абароны было складаней іх збіваць.
- Пакуль барацьба з ракетамі адцягнула ўвагу ізраільскіх вайскоўцаў, мяжу па паветры перасеклі баевікі на дэльтапланах і парапланах. На гэтым жа этапе ХАМАС выкарыстаў дроны-камікадзэ для атакі на ізраільскія назіральныя вышкі. Без гэтых збудаванняў з відэакамерамі Ізраіль перастаў атрымліваць аператыўную інфармацыю пра падзеі на мяжы.
- Як толькі паветраны дэсант прызямліўся і замацаваўся на занятых плацдармах, добра навучаныя штурмавыя атрады палестынскіх «камандас» пайшлі на штурм умацаванай сцяны, якую Ізраіль пабудаваў на мяжы. Разбурыўшы невялікія ўчасткі сцяны з дапамогай выбухоўкі, хамасаўскія спецназаўцы прарваліся на ізраільскую тэрыторыю на матацыклах.
- Потым гэтыя невялікія праломы пашырылі бульдозеры — і тады праз іх змагло прайсці яшчэ больш баевікоў на ўседарожніках.
- Пятым элементам стала атака з мора. Частка баевікоў ХАМАС паспрабавала высадзіцца з хуткаходных лодак на размешчаныя непадалёк ад мяжы ізраільскія пляжы. Але гэтую спробу спынілі ваенна-марскія сілы Ізраіля.

Вайсковае кіраўніцтва ХАМАС, падобна, таксама прыдумала спосаб нейтралізаваць перавагу Ізраіля ў сістэмах кантролю за радыё- і тэлефоннай сувяззю. Паводле амерыканскага ваеннага эксперта Седрыка Лейтана, баевікі часова адмовіліся ад выкарыстання сучасных каналаў сувязі. У перыяд атакі яны аддавалі загады, сустракаючыся тварам да твару, або рыхтавалі кур’ераў замест таго, каб карыстацца тэлефонамі.
Прарваўшыся праз мяжу, баевікі ХАМАС забівалі мірных грамадзян, а частку захоплівалі, каб адвесці ў Газу ў якасці закладнікаў. На матарызаваных парапланах баевікі дабраліся да раёна правядзення музычнага фестывалю Supernova за пяць кіламетраў ад мяжы, дзе зладзілі разню. Тут баевікі расстрэльвалі маладых ізраільцян і замежнікаў і пераследвалі тых, хто спрабаваў уцячы. Пасля вызвалення раёна ратавальнікі знайшлі тут 260 целаў.
Прарваўшы памежныя загароды, тэрарысты атакавалі памежныя мястэчкі і кібуцы (сельскагаспадарчыя супольнасці, трохі падобныя да нашых калгасаў). Тут яны абыходзілі адзін за адным дамы. Частку жыхароў забівалі, частку (у тым ліку жанчын, дзяцей і старых) захоплівалі як закладнікаў. Самым аддаленым горадам, да якога змаглі дабрацца тэрарысты, стаў Афакім, размешчаны прыкладна за 20 кіламетраў ад мяжы. Таксама ХАМАС атакаваў некалькі вайсковых аб’ектаў.
Чым адказаў Ізраіль?
Тэрарысты ХАМАС сапраўды заспелі Армію абароны Ізраіля знянацку, і ў першыя гадзіны пасля пачатку атакі баевікі ў поўнай меры карысталіся перавагамі фактару раптоўнасці. Дзякуючы гэтаму баявыя дзеянні на зямлі вяліся спачатку на ізраільскай тэрыторыі. Аднавіць кантроль над усімі сваімі населенымі пунктамі Ізраіль здолеў толькі 9 кастрычніка — на трэці дзень вайны. Пры гэтым ізраільскія вайскоўцы дапускаюць, што тэрарысты ў памежным раёне яшчэ засталіся. Незабудаваныя праломы ў памежнай сцяне цяпер ахоўваюцца танкамі, верталётамі і беспілотнікамі. Таксама да панядзелка армія эвакуявала насельніцтва 15 з 24 населеных пунктаў на мяжы з сектарам Газа — і працягвае эвакуяваць астатнія.
У дзень нападу ў Ізраілі абвясцілі надзвычайнае становішча, а ў нядзелю, 8 кастрычніка, урад краіны заявіў, што знаходзіцца ў стане вайны. З гэтага моманту ЦАХАЛ атрымаў поўную свабоду дзеянняў. Апошні раз такія паўнамоцтвы ён меў падчас вайны Суднага дня ў 1973-м. Ваенная аперацыя супраць ХАМАС атрымала назву «Жалезныя мячы». Быў абвешчаны прызыў рэзервістаў — і ўсяго за 48 гадзін Ізраіль мабілізаваў 300 тысяч чалавек. Усяго ж плануецца прыцягнуць у войска 360 тысяч рэзервістаў.
У гэты ж дзень Ізраіль вырашыў спыніць падачу электраэнергіі, паліва і тавараў у сектар Газа. Прэм’ер-міністр Нетаньяху заявіў, што краіна ўступае ў доўгую і знясільвальную вайну, да якой яго вымусіў забойчы напад ХАМАС. У панядзелак, 9 кастрычніка, рашэнне пра поўную блакаду сектара Газа пачалі выконваць вайскоўцы. Міністр абароны Ёаў Галант назваў праціўнікаў Ізраіля «звярамі ў чалавечым абліччы» і заявіў, што ў сектары Газа не будзе ні электрычнасці, ні ежы, ні паліва. Таксама 9 кастрычніка Ізраіль перакрыў водазабяспечанне сектара Газа.
Паветраныя ўдары па аб’ектах ХАМАС у сектары Газа Ізраіль пачаў наносіць ужо неўзабаве пасля пачатку ўварвання на сваю тэрыторыю. Толькі за апошнюю ноч тут пабілі больш за 200 цэляў. У новых умовах, якія склаліся пасля нападу ХАМАС, армія Ізраіля адмовілася ад сваёй традыцыйнай практыкі своечасовага папярэджання палестынцаў пра тое, што па іх будынкаў будзе наносіцца ўдар, — атакі па цэлях у Газе праводзяцца раптоўна.
9 кастрычніка ХАМАС вырашыў у якасці супрацьпаветранай абароны выкарыстоўваць ізраільскіх закладнікаў і абвясціў, што за кожны «ўдар без папярэджання» будзе караць смерцю аднаго цывільнага палоннага — і трансляваць відэазапісы забойстваў. У палоне на той час знаходзілася не менш за 100 чалавек.
У нядзелю саюзнік ХАМАС у Ліване — тэрарыстычная праіранская групоўка «Хезбала» — паспрабавала адкрыць супраць Ізраіля «другі фронт» на поўначы. Міратворцы ААН на ізраільска-ліванскай мяжы знайшлі некалькі ракет, запушчаных з Лівана па Ізраілі. У адказ ЦАХАЛ ударыў па пазіцыях «Хезбалы» штурмавымі верталётамі. Яшчэ адным «фронтам» могуць стаць арабскія гарады на Заходнім беразе ракі Іярдан. Паводле інфармацыі, не пацверджанай ізраільскімі вайскоўцамі, у ноч з 9 на 10 кастрычніка адбываліся сутыкненні ў Наблусе, Віфлееме і Калькіліі.
Паводле апошніх звестак, колькасць загінулых падчас атакі ХАМАС дасягнула 1000 чалавек. Яшчэ 2616 чалавек атрымалі раненні. Вядома, што акрамя ізраільцян тэрарысты забілі не менш за 18 грамадзян Тайланда, 11 грамадзян ЗША, сем аргентынцаў, чатырох французаў, двух расіян. Яшчэ большая колькасць замежнікаў лічыцца зніклымі без вестак. У адказ ізраільскія ўдары па сектары Газа, згодна з заявамі палестынскага міністэрства аховы здароўя, забралі жыцці 830 чалавек, яшчэ 4200 палестынцаў пацярпела.
Што будзе далей?
10 кастрычніка адзін з лідараў ХАМАС Алі Бараке заявіў, што ягоны рух дасягнуў сваіх мэтаў — а менавіта захапіў закладнікаў, якіх планавалася выкарыстоўваць для абмену на палестынцаў, пазбаўленых волі ў Ізраілі і ЗША. За дзень да гэтага падобную заяву ў тэлефонным інтэрв'ю з «Аль-Джазірай» зрабіў прадстаўнік ХАМАС Муса Абу Марзук, які сказаў, што рух гатовы да перамоваў, бо сваіх мэтаў дасягнуў.
Гэтыя сцверджанні выглядаюць вельмі сумнеўнымі, бо для захопу закладнікаў зусім не абавязкова планаваць буйную агульнавайсковую аперацыю з узброеным уварваннем і гарантаваным адказам па сваёй тэрыторыі. Але нават калі прыняць на веру заявы лідараў тэрарыстаў пра тое, што яны выканалі свае задачы і гатовыя да перамоваў, — гэтага цяпер відавочна недастаткова, каб у рэгіёне запанаваў мір.
Таму што Ізраіль, які зазнаў крывавы напад, ужо акрэсліў свае мэты ў гэтай вайне — а менавіта поўнае знішчэнне магчымасцяў ХАМАС (а вайскоўцы кажуць нават пра поўнае ўзяцце пад кантроль сектара Газа). На думку ізраільскага боку, цяпер ХАМАС мусіць заплаціць велізарную цану за напад.
Для дасягнення гэтых мэтаў Ізраіль мэтаскіравана б’е па кіраўніцтве баевікоў. Напрыклад, 8 кастрычніка быў забіты адзін з лідараў руху Айман Юнус. А 10 кастрычніка ЦАХАЛ паведаміў пра знішчэнне міністра эканомікі ХАМАС Джавада Абу Шамала і высокапастаўленага чальца палітбюро руху Закарыі Абу Муамара. Хутчэй за ўсё, спіс загінулых кіраўнікоў групоўкі яшчэ папоўніцца.
Што да ўстанаўлення кантролю над сектарам Газа, то яго можна дасягнуць двума спосабамі. Першы з іх — поўная блакада — ужо ў сярэднетэрміновай перспектыве прывядзе да гуманітарнай катастрофы. Без электрычнасці, ежы і вады насельніцтва тэрыторыі асуджанае на голад і ўспышкі хваробаў. З перасцярогай, што поўная блакада супярэчыць патрабаванням міжнароднага гуманітарнага права, ужо выступіла ААН. Аднак не варта забываць, што Ізраіль нават чыста тэхнічна не можа несці адказнасць за поўную блакаду сектара Газа — бо той мае агульную мяжу і з Егіптам. Каір у сваю чаргу закрыў мяжу з сектарам Газа ў панядзелак — заявіўшы, што не дапусціць масавага прытоку бежанцаў адтуль, «як таго хацеў бы Ізраіль».
Другі спосаб устанаўлення поўнага кантролю за сектарам Газа — гэта наземная ваенная аперацыя Арміі абароны Ізраіля на яго тэрыторыі. Ізраільскія сухапутныя войскі сцягваюцца да сектара Газа, таму такі сцэнар выглядае цалкам магчымым. Ён напэўна будзе спалучаны з вялікімі ахвярамі.
ЦАХАЛ мае вялікую перавагу ў сілах і сродках. Да апошняга нападу ў ім служыла 170 тысяч чалавек, а пасля выканання агучаных планаў мабілізацыі гэтая колькасць павялічыцца да 530 тысяч. Паводле прадстаўнікоў ХАМАС, групоўка мае ў сектары Газа 40-тысячную армію. Хутчэй за ўсё, гэтая ацэнка завышаная — але нават з улікам гэтага цяжкія вулічныя баі ў густа забудаваным сектары Газа прывядуць да велізарных разбурэнняў і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Якому ва ўмовах блакады з боку Ізраіля і Егіпта проста няма куды падзецца.
Фактычна ў закладніках у ХАМАС цяпер знаходзіцца не сотня з лішкам жыхароў Ізраіля і замежнікаў, якіх баевікі выкралі ў першыя дні ўварвання. А ўсё мірнае насельніцтва сектара Газа.
Чытайце таксама


