Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн даў дазвол Украіне наносіць удары амерыканскай зброяй па некаторых цэлях у Расіі, але толькі ў раёне Харкаўскай вобласці, пішуць Politico, New York Times, ВВС, Reuters, Washington Post і Financial Times са спасылкай на крыніцы.
«Прэзідэнт нядаўна даручыў сваёй камандзе забяспечыць Украіне магчымасць выкарыстоўваць амерыканскую зброю для агню ў адказ у Харкаўскай вобласці, каб Украіна магла біць па расійскіх войсках, што наносяць або рыхтуюцца нанесці ўдар», — растлумачыў выданням амерыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці.
Ён падкрэсліў: палітыка забароны далёкіх удараў углыб Расіі не змянілася.
Цэлы шэраг саюзнікаў ЗША на гэтым тыдні заявіў, што дапускае магчымасць выкарыстання пастаўленых імі ўзбраенняў супраць цэляў на расійскай тэрыторыі.
Многія месяцы вайны заходнія краіны асцерагаліся, што ў адказ на пэўныя крокі па падтрымцы Украіны Расія пачне нападаць і на іншыя дзяржавы, якія непасрэдна не ўдзельнічаюць у канфлікце.