Дзярждэпартамэнт пракаментаваў выклік амбасадаркі ЗША ў РФ у расійскае МЗС у сувязі з нядаўнім ракетным ударам па Севастопалі: Злучаныя Штаты даюць зброю Украіне для таго, каб яна мела магчымасць абараняць уласную тэрыторыю, у тым ліку Крым. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента Мэцью Мілер, перадае «Голас Амерыкі».
«Я бачыў каментары маскоўскага кіраўніцтва, — заявіў Мілер. — Я лічу, што яны звязаныя з паведамленнем пра ўдар па Крыме, і я проста скажу вам тое, што сказала амбасадарка, калі яна сустракалася з Міністэрствам замежных справаў Расіі. І, вядома, гэта тое, што мы шкадуем пра любыя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва ў гэтай вайне. Мы пастаўляем Украіне зброю, каб яна магла абараніць сваю суверэнную тэрыторыю ад узброенай агрэсіі. У тым ліку — у Крыме, які, вядома, ёсць часткай Украіны. І Расія магла б гэтую вайну спыніць… спыніўшы акупацыю суверэннай украінскай тэрыторыі і нанясенне ўдараў па мірных жыхарах».
У нядзелю акупацыйныя ўлады Крыма і Мінабароны Расіі заявілі пра ўдар па Севастопалі, у выніку якога загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, яшчэ 151 чалавек атрымаў раненні.
МЗС Расіі выклікала амбасадарку ЗША ў Расіі Лін Трэйсі ў сувязі з ракетным ударам па Севастопалі. Расійскія ўлады сцвярджаюць, што па Севастопалі была выпушчаная ракета амерыканскай вытворчасці ATACMS з касетным боезарадам. Мінабароны Расіі заявіла ў першым паведамленні, што з пяці ATACMS чатыры былі знішчаныя, а пятая «ў выніку ўздзеяння сродкаў СПА на канчатковым участку адхілілася ад траекторыі палёту з падрывам баявой часткі ў паветры над тэрыторыяй горада». У другім паведамленні, якое з’явілася праз некалькі гадзін, пра ўздзеянне СПА на траекторыю ракеты ўжо не згадвалася.