Кіраўнік МЗС Польшчы Радзіслаў Сікорскі падчас свайго выступу ў Савеце бяспекі ААН прадэманстраваў архіўную фатаграфію 1939 года. На здымку афіцэры савецкай арміі і Трэцяга рэйха ціснуць адзін аднаму рукі пасля захопу Польшчы.
Rok 1939. Zdjęcie przedstawia współpracę sowiecko-nazistowską. Jestem pewien, że przedstawiciele Rosji rozpoznają te mundury.
Fragment mojej wypowiedzi podczas obrad Rady Bezpieczeństwa ONZ. pic.twitter.com/ji03xeLK6q
— Radosław Sikorski 🇵 (@sikorskiradek) September 25, 2024
Кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства гэтым здымкам хацеў звярнуць увагу калег на «савецка-фашысцкае супрацоўніцтва» ў гады Другой сусветнай вайны.
— Пастаянныя чальцы Савета бяспекі ААН мусяць быць абаронцамі міру, а не весці войны супраць дзяцей іншых народаў. Гэта ганебная старонка для Расіі, якой мы не забудзем і не даруем. Дарэчы, калі пастаянны прадстаўнік [РФ пры ААН Васіль] Небензя адмаўляе савецка-фашысцкае супрацоўніцтва падчас уварвання ў Польшчу ў 1939 годзе, вось фатаграфія іх сумеснага параду. Я ўпэўнены, вы пазнаяце савецкія мундзіры, — сказаў Радзіслаў Сікорскі, трымаючы ў руках архіўнае фота.
Нагадаем, 23 жніўня 1939 года была заключаная дамова пра ненапад паміж Савецкім Саюзам і Германіяй (вядомы як пакт Молатава — Рыбентропа, па імёнах кіраўнікоў МЗС гэтых краін). Да дамовы прыкладаўся сакрэтны дадатковы пратакол, які размяжоўваў сферы ўплыву дзвюх краін ва Усходняй Еўропе «ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы».
Паводле гэтага дакумента, Польшча дзялілася па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. То-бок тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны траплялі ў сферу ўплыву СССР.
1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Сталін хацеў, каб у грамадскай свядомасці галоўным вінаватым вайны быў менавіта Гітлер. Таму войскі Чырвонай арміі перайшлі савецка-польскую мяжу толькі 17 верасня. Менавіта гэты дзень цяпер святкуецца ў Беларусі як «Дзень народнага адзінства».
Чытайце таксама